Вернікі з мінскай Лошыцы збіраюць грошы на будаўніцтва царквы

Мінскія праваслаўныя вернікі, што жывуць у мікрараёне Лошыца, збіраюць сродкі на будаўніцтва храма. Лошыцкі праваслаўны прыход існуе ўжо 10 год і налічвае болей за 300 вернікаў, у тым ліку болей за 100 дзяцей. Рэлігійная абшчына пакуль збіраецца на набажэнствы ў часовым будынку былога дзіцячых ясляў на вуліцы Чыжэўскіх,4. Храм Богаяўлення паўстане побач. Пакуль там будуюць званніцу-браму. Са словаў настаяцеля абшчыны айца Ўладзіміра, сёлета да надыходу халадоў будзе закладзены падмурак царквы. Гэта будзе будынак вышынёй у 27 метраў, выкананы ў класічным стылі. Ён павінен змяшчаць да 450 вернікаў. Айцец Уладзімір адзначае, што ад спонсараў на будаўніцтва царквы паступаюць вельмі сціплыя сродкі, таму вернікі самі вырашылі збіраць грошы, паведамляе БелаПАН.