Ветэраны нью-мэтал Korn працягваюць губляць удзельнікаў
Пасля гітарыста
Брайна Уэлша і бубнача Дэвіда Сільвера гурт пакінуў гітарыст Джэймс «Манкі»
Шафэр.
Паведамляецца, што прычыны гэтага кроку выключна «персанальнага і
сямейнага характару». Праўда, адсутнасць Манкі лічыцца часовай. Мяркуецца, што ў хуткім часе музыка ізноў вернецца ў калектыў.
Такім чынам, з квінтэта заснавальнікаў у цяперашнім складзе Korn застаюцца толькі двое музыкаў - вакаліст Джонатан Дэвіс і басіст Рэджынальд «Філдзі» Арвізу.
Дадам, што Манкі пакінуў сваіх калег акурат напярэдадні новага еўрапейскага тура, які стартаваў 13 студзеня ў Дубліне. Заменай гітарысту падчас выступаў стаў былы ўдзельнік Sevendust Клінт Лоўэры.
Незадоўга да пачатку гастроляў Манкі размясціў на сваім сайце цікавую інфармацыю, якая выклікала мноства чутак.
Гучала яна так: «Жадаю адкрыць вам маленькі сакрэт. У хуткім часе я зраблю афіцыйную заяву, якая стане для вас вялікай неспадзяванкай. Датычыцца яна чагосьці такога, да чаго я перажываю адмысловыя пачуцці і што, як мне падаецца, таксама захопіць і вас. Часцей заходзьце на мой сайт - і вы першымі даведаецеся гэтую вялікую навіну!».
Кажуць, што Манкі меў на ўвазе свой сольны альбом. Еўрапейскае турнэ Korn, якое працягнецца аж да пачатку сакавіка, закране і нашых суседзяў. Так, 7 лютага яны выступяць у Санкт-Пецярбургу.
Пасля гэтага музыкі плануюць узяць тайм-аўт на тры-чатыры месяцы, «каб перагрупавацца і падрыхтавацца да працы над новым запісам».
Фота: edunonina.spaces.live.com