В’етнамскім спартсменам прапануюць трэніравацца на беларускіх базах

Пагадненне паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам культуры, спорту і турызму В'етнама аб супрацоўніцтве ў галіне спорту і турызму будзе заключана ў рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў В'етнам.
З беларускага боку дакумент падпіша міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгараў. Паводле яго слоў, дамова "закладзе прававую аснову супрацоўніцтва тураператараў і турагентаў дзвюх краін, адкрые пэўныя магчымасці ў галіне спорту".

Беларускі бок гатовы прадаставіць свае базы для падрыхтоўкі спартсменаў з В'етнама да спаборніцтваў у Еўропе. Прадугледжваецца таксама абмен дэлегацыямі, узаемнае навучанне кадраў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры гатовы даць адукацыю в'етнамскім студэнтам, адзначыў міністр.

Чакаецца, што беларуская дэлегацыя вылеціць у В'етнам 6 красавіка. Візіт адбудзецца 7—8 красавіка.

БелаПАН