Віцебская падатковая інспекцыя ўгаворвае прадпрымальнікаў не мітынгаваць

Мітынг запланавала правесці ў Віцебску 24 верасня грамадскае аб'яднанне "Перспектыва". Яго мэта – прыцягненне ўвагі да праблем індывідуальных прадпрымальнікаў, а ў асаблівасці - да прэзідэнтскіх указаў, якія прымушаюць іх перарэгістроўвацца ў прыватныя унітарныя прадпрыемствы і дазваляюць наймаць на працу толькі сваякоў.

Пра рэакцыю падаткавікоў распавядае нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Днямі у мясцовых сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і электронных, з'явіўся зварот абласной падатковай інспекцыі да прадпрымальнікаў.

Падаткавікі даюць кароткія тлумачэнні абодвух прэзідэнтскіх указаў ды перасцярагаюць прадпрымальнікаў ад "супрацьпраўных дзеянняў", пэўна, маючы на ўвазе той самы мітынг”.


Падатковая інспекцыя заклікае індывідуальных прадпрымальнікаў спакойна працаваць і плаціць падаткі. Таксама яна раіць ім усе свае прапановы накіроўваць менавіта ў падатковыя інспекцыі, абяцаючы перасылаць іх да кіраўніцтва краіны.

Тым часам кіраўнік віцебскай філіі "Перспектывы" Анатоль Шапавалаў атрымаў з гарвыканкама ліст, у якім ўлады прапаноўваюць арганізатарам мітынгу заключыць дамовы з міліцыяй, "Хуткай дапамогай" ды камунальнымі службамі.

Ні дазволу, ні адмовы на правядзенне мерапрыемства у лісце няма.