Віцебскі тэатр “Лялька” паставіць казку па творы сясцёр-першакласніц
Віцебскі тэатр “Лялька” падсумаваў вынікі творчага конкурсу “Казка для Караткевіча”. Ён быў абвешчаны сярод дзетак Віцебшчыны, але нечакана для саміх арганізатараў стаў фактычна рэспубліканскім, а казкі пайшлі ў “Ляльку” з усіх рэгіёнаў краіны!
Агулам на конкурс было прынята больш за 80 твораў. Па ўмовах конкурсу, дзеці ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў маглі прадставіць 1-2 беларускамоўных казкі аб’емам не больш за тры друкаваныя старонкі. Па словах арганізатараў, аніводнай казкі яны не адхілілі — ўсе дзіцячыя творы адпавядалі ўмовам.
Па выніках конкурсу ў “Ляльцы” мяркуюць выдаць зборнік дзіцячых твораў, а адна з казак нават можа вырасці ў паўнавартасны спектакль. Паводле мастацкага кіраўніка тэатра “Лялька” Віктара Клімчука, казка, якую напісалі сястрычкі Ганна і Марыя Прыбыш з Брэста, калі яе крыху дапрацаваць, будзе цікавай для маленькіх гледачоў. Дзяўчынкі не толькі распавялі пра прыгоды зайца і вавёрачкі, якія ідуць да мудрай савы, каб навучыцца чытаць, але і праілюстравалі свой твор.