Віцебскі выцвярэзнік будзе рэкламаваць свае паслугі на «Славянскім базары»

Падчас міжнароднага музычнага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" на службовых машынах віцебскай міліцыі з'явяцца незвычайныя шыльды, на якіх будзе размешчана рэклама… медыцынскага выцвярэзніка. Нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская даведалася ва ўпраўленні ўнутраных справаў змест надпісаў на шыльдах:

«Медыцынскі выцвярэзнік прапануе вам свае паслугі, але падумайце, ці трэба вам гэта?», «Мы рады вам — вы ўдзячныя нам! Кошт паслугі — 77 тысяч рублёў», «Паслугі медвыцвярэзніка каштуюць 77 тысяч рублёў. Ацэньвайце свае магчымасці!»

Дарэчы, віцебскі выцвярэзнік — самы дарагі ў краіне. Міліцыянты лічаць, што такая жартаўлівая рэклама павінна прымусіць грамадзян задумацца, перш чым злоўжываць спіртнымі напоямі.