Віцебскія ДАІ-шнікі ўдасканалілі расійскую “Арэну”

З месяц таму віцебская дзяржаўтаінспекцыя атрымала некалькі прыбораў відэафіксацыі хуткасці “Арэна”, якія павінны былі дапамагчы інспектарам дарожна-патрульнай службы лавіць кіроўцаў, што перавышаюць хуткасць. Аднак у першыя ж дні работы “Арэны” міліцыянты зразумелі, што яна… неэфектыўная.
Справа ў тым, што сігнал з відэакамеры назірання на ноўтбук у “Арэне” перадаецца на невялікую адлегласць. Затрымаеш двух-трох парушальнікаў, а тады ўжо кіроўцы па сваім “тэлеграфе” адзін аднаго папярэджваюць, што ДАІ-шнікі побач.

Старэйшы інспектар ДПС Сяргей Бахір ды праграміст Андрэй Стрыкелеў ўдасканалілі “Арэну”, зрабіўшы яе “гібрыд” са звычайным мабільным тэлефонам. Зараз “карцінку” з відэафіксатара можна перадаваць у любое месца, дзе дзейнічае мабільная сувязь.

Парушэнне зафіксуюць, напрыклад, у Бешанковічскім раёне, а ДАІ-шнікі з пратаколам сустрэнуць кіроўцу ля ўезду у Віцебск. Так яны, дарэчы, і робяць. За тры гадзіны работы з удасканаленай “Арэнай” віцебскія ДАІ-шнікі складаюць па 60 пратаколаў аб перавышэнні хуткасці.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск.