Віктар Івашкевіч: Зацверджаны гімн дыктоўкі мы спявалі ў 1980-я ў падполлі

Аргкамітэт Агульнанацыянальнай дыктоўкі зацвердзіў афіцыйны гімн акцыі. Ім стала песня Сяржука Сокалава-Воюша "Маналог Багушэвіча".
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Віктар Івашкевіч:

"Я згадаў, што на пачатку 1980-х гадоў Сокалаў-Воюш напісаў песню, называецца "Маналог Багушэвіча". Пачыналася яна словамі вось гэтай прадмовы "Брацці мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй...", а сканчалася, таксама як і дыктоўка, словамі: "Можа хто з вас спытае, дзе ж цяпер Беларусь?". А самі словы песні былі такія змагарныя...

Гэтая песня натхняла нас на падпольных сустрэчах у сярэдзіне 1980-х. У іх удзельнічалі Сокалаў-Воюш, Івашкевіч, Вячорка, Дубавец, Бяляцкі, Сагановіч. І тое, што зараз, праз 20 гадоў, той жа тэкст бярэцца за аснову гэтай акцыі, гэта сімвалічна".


Нагадаем, першая агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі пройдзе па ўсім свеце 23 сакавіка. У эфіры Еўрарадыё яна прагучыць 22 і 23 сакавіка з 12 да 13-й і з 16-й да 17-й гадзіны.