Віноўнік ДТЗ павесіўся на наступны дзень пасля аварыі
Жыхар вёскі Бярозаўка Гродзенскай вобласці, які 17 сакавіка стаў віноўнікам ДТЗ пад Лідай, сёння скончыў жыццё самагубствам.
Учора ў раёне вёскі Доржы на кругавым руху перакуліўся МАЗ, гружаны мяхамі з пяском. Падчас правядзення медыцынскага агляду прыбор "Алкатэст" паказаў, што кіроўца напярэдадні ўжываў алкаголь. Сам ён прызнаў, што ў Лідзе падчас загрузкі выпіў бутэльку піва.
Мужчына жыў у Бярозаўцы, працаваў кіроўцам на шклозаводзе "Нёман". Відаць, ДТЗ прывяло яго ў надзвычай прыгнечаны стан. Ён павесіўся ў сваім гаражы, паведамляе партал горада Ліда.