Віталь Гуркоў – найлепшы ўсходнееўрапейскі баец К-1 World Max (фота)

Беларускі баец Віталь Гуркоў стаў пераможцам супертурніру К-1 World Max ва Усходней Еўропе. Грандыёзнае спаборніцтва адбылося ў Мінску 19 сакавіка. Неўзабаве беларускамоўны тайскі баксёр выправіцца ў Японію, дзе выйдзе на рынг з 16 наймацнейшымі байцамі свету па версіі К-1. У гэты ж вечар на гэтым жа рынзе яшчэ адзін мінскі баец Забіт Самедаў стаў чэмпіёнам свету па тайскім боксе па версіі КОК.


З першага ж бою усе прысутныя зразумелі: байцы на рынг выходзяць толькі за перамогай. Паводле правілаў К-1, каб перамагчы ў турніры, трэба адолець супернікаў у трох паядынках за адзін вечар.



Беларус Віталь Гуркоў выходзіў на рынг пад народную песню "Ведзьма" ў выкананні гурту "Троіца". Энергетыка неверагодная!



У першым паядынку Віталь упэўнена перамог польскага баксёра Лукаша Шульца.



Адразу ж за Віталём Гурковым на рынг падняўся яго будучы супернік у фінале
Заміль Гусейнаў. Аднаклубнік Гуркова, прадстаўнік беларуска-азербайджанскай дыяспары, упэўнена перамог украінца Івана Грыгор'ева.



Баксёры з іншых краін таксама дэманстравалі свае ўменні, але залу цікавіла толькі адно: колькі замежнікаў насмеляцца падужацца з беларусамі?



Аднаго гэткага смелага - швейцарца Славо Палужыча - супербаі элегантна паклаў на рынг наш Ігар Бугаенка.



А вось і паўфінал. На рынгу - зноўку Віталь Гуркоў!



Паўфінальны бой з грузінскім баксёрам, як прызнаўся пазней чэмпіён, быў найбольш цяжкі.



Яшчэ адзін смелы баец галандзец Бой Бой Марцін па мянушчы "Чорны спрут" "адпачывае" на рынзе. Туды яго накаўтам адправіў пераможца другога супербою беларус Дзяніс Ганчаронак, які адразу ж атрымаў ад фанатаў мянушку "Забойца спрутаў".



Яшчэ адзін прадстаўнік нашай краіны Забіт Самедаў па мянушцы "Маўглі" паклаў на рынг масіўнага галандца Роні Гландана. Накаўт прынес Забіту тытул чэмпіёна свету па версіі КОК.



"Адпачынак", аднак, настрою вясёламу галандцу не сапсаваў. І ён з радасцю адбымаўся з чэмпіёнам ды дзячыў яму за цудоўны паядынак.



Фінал! Два прадстаўнікі аднаго клубу "Patriot" на рынзе! Зала раўла і захлыналася апладысментамі. Заміль Гусейнаў і Віталь Гуркоў - давай-давай, беларус! Хто пераможа?! Каму ж хопіць духу, сіл і ўдачы?!



Так, вось ён, збіты і акрываўлены пераможца турніру, наймацнейшы баецК-1 Усходняй Еўропы - Віта-а-а-аль Гурко-о-о-оў!!! Дарэчы, сваю перамогу гэты цудоўны баец прысвяціў сваім загінулым сябрам і роднай краіне.



Ну і крышачку нясціпласці. Прарваўшыся скрозь натоўп фанатаў, які потым яшчэ доўга не адпускаў куміра, журналіст Еўрарадыё адзін з першых павіншаваў Віталя Гуркова з перамогай. Наперад, Віталь! Наперад, Беларусь!






Фота: Валера Руселік