Віталь Коваль не ўпэўнены, што вернецца ў зборную Беларусі

Галкіпер зборнай Беларусі па хакеі Віталь Коваль не ведае, ці будзе надалей выступаць за беларускую каманду. Як адзначае "Прессбол", у Коваля расійскае грамадзянства, бо сам ён нарадзіўся ў Пермі. Раней, калі Коваль гуляў за зборную Беларусі, у яго быў беларускі пашпарт. Ці будзе ён надалей абараняць колеры беларускай зборнай, вырашыцца па заканчэнні сезону.

Па словах Коваля, развітанне з мінскім "Дынама" пакінула ў яго непрыемны ўспамін. У галкіпера быў кантракт на тры гады, і па ім заставалася дагуляць яшчэ адзін сезон. Па новых правілах КХЛ, клуб меў права заменшыць гульцу заробак на 20%, чым у Мінску і скарысталіся. Потым новае кіраўніцтва клуба вырашыла проста скасаваць старую дамову, матывуючы гэта "рэжымам эканоміі". Паколькі прыйсці з мінскім клубам да пагаднення не атрымалася, Коваль скарыстаўся прапановай падмаскоўнага "Атланта".