Вольга Гаварцова першай з беларускіх тэнісістак ідзе на корты Australian Open

18 студзеня на кортах Мельбурна стартаваў першы ў гэтым сезоне тэнісны турнір серыі "Вялікага шлёма" — Australian Open. З прадстаўнікоў Беларусі першай у барацьбу ўступіць Вольга Гаварцова (54-ы нумар сусветнага рэйтынгу), інфармуе БЕЛТА. Яе саперніцай будзе немка Ангеліка Кербер (118), якая прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю. Для 21-гадовай Гаварцовай гэта трэці запар удзел у адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі. У мінулым і пазамінулым гадах яна выбывала пасля матчаў першага раўнда.

Акрамя Вольгі Гаварцовай у жаночым адзінкавым разрадзе гуляюць яшчэ дзве беларускі: Вікторыя Азаранка (7) сустрэнецца з францужанкай Стэфані Каэн-Аларо (116), а саперніцай Настассі Якімавай (107) будзе аўстралійка Кейсі Дэлакуа (978). А вось нашая Кацярына Дзегалевіч (174) у асноўным турніры Australian Open не згуляе. Яна завяршыла выступ у кваліфікацыі, прайграўшы кітаянцы Сіньюн Хан (192) — 5:7, 2:6.

Беларускі таксама выступяць і ў змаганнях дуэтаў — Вікторыя Азаранка згуляе разам з расіянкай Святланай Кавалёвай, а партнёркай Вольгі Гаварцовай будзе яшчэ адна беларуская тэнісістка Таццяна Пучак.

У мужчынскім парным разрадзе згуляе самы вядомы беларускі тэнісіст Максім Мірны, партнёрам якога будзе індыец Махеш Бхупаці. Беларуска-індыйскі тандэм, пасеяны ў Мельбурне пад 4-м нумарам, у першым матчы сустрэнецца з нямецка-фінскім дуэтам Міхаэль Кольман — Ярка Ніемэнен.

Цяперашні турнір у Мельбурне, агульны прызавы фонд якога складае $21,15 млн, завершыцца 31 студзеня.