Вонкавая пазыка Беларусі за год падвоілася і склала $7,9 млрд

Беларусь павялічыла вонкавую пазыку на пачатак 2010 года да $7,9 млрд. Для параўнання: на 1 студзеня 2009 года пазыка складала з $3,7 млрд, паведамляе Reuters са спасылкай на Мінфін Беларусі.  Пры гэтым аб'ём прыцягнутых урадам крэдытаў вырас да $7,8 млрд з $3,6 млрд, а крэдыты, прыцягнутыя беларускімі кампаніямі пад урадавыя гарантыі, скараціліся да $112 млн са $130 млн, якія лічыліся год таму.

Афіцыйны Мінск кажа, што не хвалюецца з-за росту вонкавай запазычанасці, адносіны якой да ВУП краіны складалі ў 2009 годзе 16,5%, а да гадавога экспарту – 32,5%. Абслугоўванне пазыкі складала летась толькі 1,3% ад гадавога экспарту.

Мінфін лічыць, што паказчыкі крэдытаздольнасці па вонкавай дзяржаўнай пазыцы сведчаць, што Беларусь трапляе ў групу краін з нізкім узроўнем запазычанасці.