"Воплі Відаплясава" пазмагаюцца за ўдзел у "Еўрабачанні-2009"

Украінскі гурт "Воплі Відаплясава" падаў заяўку на ўдзел у адборы на міжнародны песенны конкурс "Еўрабачанне-2009", паведамляе Карэспандэнт.net. Усяго за права прадстаўляць Украіну на "Еўрабачанні", фінал якога адбудзецца 16 траўня ў Маскве, пазмагаюцца 63 выканаўцы. Сярод іншых гэта Святлана Лабада, гурты "НеАнгелы", "Заклёпкі", "Гарачы шакалад", "Авіятар", "А.Р.М.І.Я", NikitA, Васіль Бандарчук, дуэт "TABU", пераможца расійскай "Фабрыкі Зорак-7" Анастасія Прыходзька, удзельнік украінскай "Фабрыкі Зорак-2" Марк Савін, французскі спявак Жыль Эмануэль і расійскі выканаўца Аляксандр Панаётаў.

Адбор на "Еўрабачанне" ва Ўкраіне будзе праходзіць у два этапы. Для ўдзелу ў паўфінале прафесійнае журы абярэ 30 выканаўцаў, з якіх у фінал патрапяць 15.

Фінал, падчас якога гледачы шляхам тэлефоннага і SMS-галасавання абяруць пераможцу, будзе транслявацца ў эфіры Першага Нацыянальнага тэлеканала Ўкраіны 22 лютага або 1 сакавіка.

Нагадаем, што 19-га студзеня шляхам тэлефоннага галасавання быў абраны беларускі прэтэндэнт на перамогу ў "Еўрабачанні-2009". Ім стаў Пётр Ялфімаў.

Фота: www.kzmz.region.kz