В.Шылай: Ірына Кулеша выступіла цудоўна, але магла паказаць і лепшы вынік

Беларуская штангістка Ірына Кулеша заняла 4-е месца на Алімпіядзе ў Пекіне. У напружанай барацьбе яна ўпусціла бронзавы медаль, які выйграла расіянка Надзея Яўсцюхіна. Па суме дваябор’я беларуска падняла 255 кілаграмаў (118+137).
Былы галоўны трэнер зборнай па цяжкай атлетыцы Віктар Шылай назваў выступ Кулешы бліскучым, але адзначыў, што яна магла б падняць трошкі больш.

“Я лічу, што яна выступіла цудоўна. Быў яшчэ запас. Можна было нават не страхавацца. Але трэнеры трошкі падстрахаваліся. Па ідэі яна магла падняць 120 і 140. Малайчына. Я задаволены ёй”.

Нагадаем, адзін з двух беларускіх алімпійскіх медалёў заваявала штангістка Анастасія Новікава. Паводле яе слоў, яна магла выступіць лепш, каб побач быў яе асабісты трэнер Віктар Шылай, якога адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе. Магчыма, яго адсутнасць адбілася і на выступленні Ірыны Кулешы.