В.Стэфановіч: Можна спрабаваць рэгістравацца і 20 раз, але вынік будзе той жа

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што ім застаюцца незразумелымі "мэты, задачы, прадмет і метады дзейнасці арганізацыі". Учора адмову ў рэгістрацыі атрымала праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Рух "За свабоду". Афіцыйнай прычынай таксама стала "неадпаведнасць заяўленых мэтаў і дзейнасці тым, якія нібыта будуць у рэальнасці". Праваабаронца Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю Еўрарадыё кажа, што падаваць дакументы ў Мінюст можна і 20 разоў, але ўсёроўна не зарэгіструюць:

"Напэўна, можна падаваць іх і 10-ы, і 20-ы раз, але вынік будзе той жа, бо ў дадзеных умовах сённяшняга рэжыму ніхто не будзе прымаць рашэнні аб рэгістрацыі такіх структур. Таму што на сённяшні дзень Мінюст рэгіструе толькі арганізацыі, якія маюць так бы мовіць выразна непалітычны характар альбо праўрадавыя арганізацыі".

Што ж застаецца грамадскім актывістам, якія спрабуюць легалізаваць сваю дзейнасць? Стэфановіч сцвярджае, што пакуль можна толькі скардзіцца:

"Адзіная міжнародная структура, у якой можна аспрэчваць гэтыя рашэнні - Камітэт па правах чалавека ААН, куды можна звяртацца з індывідуальным зваротам".

Паводле Валянціна Стэфановіча, матывацыяй такіх зваротаў мусіць быць парушэнне Мінюстам міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.