Вучні абваленай смаргонскай школы размеркаваныя па трох іншых

Вучні смаргонскай школы №2 пачалі новую навучальную чвэрць у трох іншых школах. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Валерый Боцька. Нагадаем, што ўначы 19 снежня ў гэтай школе абрынулася цагляная сценка і жалезабетоннае перакрыцце. Як паведаміў Валеры Боцька, у новых месцах для ўсіх школьнікаў ёсць нармальныя ўмовы для навучання.

Боцька: Вучні займаюцца ў трох установах адукацыі. Ніякіх праблем няма, арганізавана харчаванне вучняў. Навучальны працэс ідзе згодна з праграмай і навучальным планам.

Па словах чыноўніка, у самой абваленай школе зараз заняткаў няма. Ідзе абследаванне будынку. Магчымы рамонт адбудзецца толькі пасля адпаведнага рашэння дзяржаўнай камісіі.