Вудзі Ален прыдумаў назву для свайго новага фільма

Вудзі Ален абвясціў назву свайго новага фільма - «Whatever Works» («Будзь што будзе»). У пракат новая праца Алена выйдзе ў 2009 годзе. Адну з галоўных роляў у гэтай камедыі сыграе актрыса Эван Рэйчэл Вуд, якая раней здымалася ў кінамюзікле «Праз Сусвет», фільмах «Трынаццаць» і «Сымона», а таксама тэлесерыяле «C.S.I. Месца злачынства».

«Новы фільм будзе камедыяй, але трохі незвычайнай для мяне. Гэта чорная камедыя», — гаворыць Вудзі Ален, як паведамляе Сinematical.

Нагадаем, што ў бягучым годзе Ален прадставіў фільм «Вікі Крысціна Барселона», цалкам зняты ў Іспаніі. У карціне, прэм'ера якой адбылася на Канскім кінафэсце, сыгралі такія кіназоркі, як Скарлет Ёхансан, Пенелопа Крус і Хаўер Бардэм.

Фота: www.radiogardarica.ru