Вуліца Рэвалюцыйная ў Мінску пасля рэканструкцыі стане пешаходнай

Вуліца Рэвалюцыйная ў старым горадзе беларускай сталіцы пасля рэканструкцыі будынкаў стане пешаходнай. У цяперашні час падрыхтаваныя праектныя рашэнні па рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўленню дамоў па гэтай вуліцы.

Аднак Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада даручыла заказчыку КУП "Мінская спадчына" сумесна з праектнымі арганізацыямі перад пачаткам рэстаўрацыі дадаткова абследаваць некаторыя будынкі для ўдакладнення рашэння па апорнай здольнасці канструкцый.

Як растлумачыў на пасяджэнні рады навуковы кіраўнік выканання прац у гістарычным цэнтры Мінска Сяргей Багласаў, якасць будаўніцтва канца XIX стагоддзя была вельмі нізкай. Цэгла, з якой складзены дамы, гіграскапічная, руйнуецца кладка сценаў, падмурак.

Пасля рэканструкцыі будынкі старога горада набудуць ранейшае аблічча. Будзе захавана аб'ёмна-прасторавае рашэнне, а таксама функцыянальнае прызначэнне пабудоў. Яны будуць выконваць тыя ж функцыі, што і раней. На першых паверхах размесцяцца аб'екты сацыяльна-бытавога прызначэння — крамы, кавярні, на другіх і трэціх — адміністрацыйна-дзелавыя аб'екты.

БЕЛТА