Вяселле за мяжой: як беларусам, якія не могуць вярнуцца, пабрацца шлюбам?
"Калі вырашыце ўзаконіць стасункі ў Польшчы — рыхтуйцеся да бітвы з бюракратыяй" / pixabay
Калі не можаце вярнуцца дадому і вырашылі ўзаконіць стасункі ў Польшчы, падрыхтуйцеся месяцамі змагацца з бюракратыяй. Або купіце квіток на лаўкост і ляціце ў Грузію — там, каб атрымаць пасведчанне аб шлюбе, у вас папросяць толькі пашпарт.
Вяселле ў Польшчы: “Праз бюракратыю дата адклалася на год”
Настасся і яе малады чалавек планавалі ажаніцца ў мінулым красавіку. Яны не могуць вярнуцца ў Беларусь, але хацелі, каб у дзень вяселля блізкія людзі былі побач. Таму вырашылі, што будуць распісвацца ў Львове — туды маглі дабрацца і бацькі, і сябры.
У мінулым лютым купілі квіткі, забраніравалі жыллё, усе распланавалі. А потым пачалася вайна.
Вяселле ў Львове адмянілі. І пачалася доўгая працэдура збору дакументаў, каб распісацца ў Польшчы. Гэта заняло 9 месяцаў.
— Пачалі са звароту ў суд. Туды можна звяртацца ў двух выпадках: калі амбасада вашай краіны не выдае патрэбныя дакументы альбо калі вы не можаце пайсці ў амбасаду, таму што ў вашай краіне вас пераследуюць па палітычных прычынах.
Якія дакументы трэба падаць у суд, калі вы хочаце распісацца ў Польшчы:
- пераклад пасведчання аб нараджэнні на польскую мову;
- пашпарт;
- від на жыхарства ў Польшчы;
- копія дакумента аб рэгістрацыі часовага месца жыхарства ў Польшчы;
- адміністрацыйны збор — 100 злотых на чалавека.
— Тут мы зрабілі першую памылку: падалі адну заяву ў суд замест двух. У выніку, калі праз 2 месяцы нам прыйшоў дазвол заключыць шлюб на тэрыторыі Польшчы, у ЗАГСе нас развярнулі. Сказалі, што такі ж дазвол павінен атрымаць мой малады чалавек.
Яшчэ праз 4 месяцы дазвол атрымалі. Мы, радасныя, зноў пабеглі ў ЗАГС, дзе нам сказалі: у судзе дапусцілі памылку ў напісанні вашых імёнаў, дакументы несапраўдныя. І ўсё пайшло па другому кругу.
Я напісала ў суд каля паўсотні лістоў з просьбай выдаць паперу хутчэй. Але гатовыя дакументы былі ў нас на руках толькі ў кастрычніку — гэта значыць, праз 9 месяцаў пасля таго, як мы вырашылі, што хочам ажаніцца ў Польшчы.
Без бацькоў і сяброў
Дзень вяселля адклаўся на год. І ні сваякі, ні сябры не змогуць быць побач з Настассяй у гэты дзень у Польшчы.
— Такой ўрачыстасці, як хацелася, не будзе. І бацькоў з намі ў гэты дзень не будзе. Спрабавалі зрабіць для іх турыстычную візу — не выйшла. Потым паспрабавалі арганізаваць сустрэчу ў Турцыі або Егіпце — але гэта выліваецца ў велізарныя сумы, у нас такіх грошай няма.
Так што сітуацыя сумная, не думала, што калі-небудзь апынуся ў такой, — без бацькоў, без сяброў у дзень вяселля.
Сведкамі мы запрасілі дырэктара фірмы, на якую я працую, і яго дзяўчыну. Без сведак у Польшчы распісвацца нельга, прытым абодва сведкі абавязкова павінны размаўляць на польскай мове — а інакш трэба наймаць перакладчыка.
Вяселле ў Грузіі: толькі пашпарт — і ўсё!
Ганна і яе малады чалавек з'ехалі з Беларусі зімой 2021 года. Каля пятнаццаці гадоў пара жыла ў незарэгістраваным шлюбе, а ў Польшчы вырашылі распісацца. Аб бюракратыі шмат чулі, таму нават не пачыналі збіраць патрэбныя паперы, а проста купілі квіткі на лаўкост да Грузіі.
— З сабой у ЗАГС патрэбны толькі пашпарт! Ніякіх выпісак, ніякіх іншых дакументаў наогул.
Вам выдадуць прыгожае пасведчанне аб шлюбе на грузінскай мове. Пастаўце на ім апастыль. А калі прыедзеце ў Польшчу, знайдзіце ў базе прысяжных перакладчыкаў спецыяліста па грузінскай мове. І зрабіце прамы пераклад: з грузінскай на польскую. І ўсё.
Адна парада ўсім, хто збіраецца распісацца ў Грузіі: абавязкова вазьміце дублікат пасведчання аб шлюбе. Таму што калі вы аддасцё арыгінал на легалізацыю ў Польшчы, у вас на руках нічога не застанецца. І давядзецца ехаць за ім у Грузію зноў.
Дарэчы, у грузінскім ЗАГСе беларусам не здзівіліся.
— Мы выбралі невялікі грузінскі гарадочак Сігнахі. Яго нядаўна адбудавалі і назвалі "горадам кахання". Там рэгістрацыі шлюбаў праходзяць кругласуткава. Да іх прыязджаюць людзі з розных краін. Такі невялікі усходні Лас-Вегас.
Так што яны не проста не здзівіліся беларусам. Гаспадары хостэла, у якім мы спыніліся, пагадзіліся быць за нашых сведак. Я нават не памятаю, як іх завуць. Яны сказалі, што мы ўжо шостая ці сёмая пара гасцей, якая папрасіла іх стаць сведкамі. Сказалі, што проста не могуць адмовіцца.
А колькі ўсё гэта каштуе?
Ганна паціскае плячыма: прапануе проста скласці кошт квітка на самалёт да Грузіі і арэнду хостэла. Настасся прызнае, што сутыкнулася з нечакана высокімі цэнамі на паслугі ў Польшчы.
— Калі шукаеш фатографа менавіта для вясельнай фотасесіі, цэны адразу становяцца завоблачнымі. Яшчэ летась фатографа можна было запрасіць на здымкі за 100-150 злотых за гадзіну, цяпер кошты пачынаюцца ўжо ад 300 злотых за гадзіну. Цэннікі шалёныя, мы не чакалі такіх. Дарэчы, заўважыла, што ў некаторых беларускіх фатографаў кошты вышэйшыя, чым у палякаў.
Увогуле, фатографа мы пакуль так і не знайшлі. Візажыста і цырульніка — таксама. Некаторыя майстры просяць 800 злотых за прычоску, а хтосьці і тысячу. З улікам таго, што ў мяне будзе сціплае вяселле, на якім не будзе нашых блізкіх, марнаваць такія грошы сэнсу не бачу.
У Польшчы цяпер жыве і працуе шмат беларускіх спецыялістаў івэнт-сферы. Мы звярнуліся да вясельнага распарадчыка Любові Шыбаршынай з просьбай падказаць беларусам, з чаго пачаць планаванне вяселля — і на якія сумы разлічваць.
— Пачынайце планаванне мінімум за 6-8 месяцаў. Калі прыйдзеце ў ЗАГС за 4 месяцы, вам прапануюць не самы зручны час. Я б, да прыкладу, не раіла ставіць цырымонію на 12 гадзін дня.
Другая задача пары — знайсці падрадчыка. Мы ўжо стварылі чат беларусаў-івэнтараў, якія рэлакаваліся ў Польшчу. Так што можаце падабраць каманду беларусаў.
Дарэчы, большасць пляцовак не дазволіць прыносіць уласны алкаголь — а гэта аўтаматычна падымае цэннік. Ды і наогул, я б не раіла арыентавацца на беларускія кошты: у Польшчы сфера паслуг каштуе даражэй. Так што не арыентуйцеся на беларускія бюджэты знаёмых і сваякоў: давядзецца сесці і пералічыць.
Гэта праўда, беларусы ў Польшчы завысокія цэннікі не ставяць, і ўсё роўна яны будуць вышэйшыя, чым тыя, да якіх вы прывыклі. Але ўзровень паслуг, якія прадастаўляюць беларусы-івэнтары, на мой погляд, вышэйшы.
Суразмоўніца Еўрарадыё расказала, што ў Польшчы не прывыклі да "камерных" вяселляў, якія былі папулярныя ў беларусаў апошнія некалькі гадоў. Так што невялікую пляцоўку знайсці будзе вельмі складана. А беларусы не прывыклі да фуршэтнай падачы страў, якую прапануюць большасць польскіх рэстаранаў.
— Дарэчы, майце на ўвазе: камунікацыя з польскімі падрадчыкамі вядзецца толькі па электроннай пошце. Ніякага тэлеграму, ніякага “пад'ехаць на пляцоўку і запытацца, колькі будзе каштаваць”. Вам дадуць візітоўку — і ўсё адно папросяць напісаць ліст па электроннай пошце.
Але ўсе пытанні вырашальныя. Спадзяюся, сёлета будзе больш вяселляў. Жыццё працягваецца, і трэба знаходзіць у сабе сілы і жаданне радавацца чаму-небудзь — хоць бы ў такія запамінальныя дні.