Вясковец "схадзіў па-малому" на чужы дыван і сеў за гэта ў турму
За хуліганства 30-гадовага мужчыну асудзілі на паўгода пазбаўлення волі.
Як піша газета "Вечерний Брест", здарэнне адбылося на Пружаншчыне. Малады чалавек нападпітку зазірнуў у адзін з жылых дамоў у сваёй вёсцы. Гаспадары папрасілі няпрошанага госця сысці, аднак ён у адказ на патрабаванне двойчы памачыўся на дыван на падлозе. У памяшканні ў той час апроч дарослых знаходзілася малалетняя дзяўчынка.
Мужчыну затрымала міліцыя, і на яго пачалі крымінальную справу. Працэс у судзе Пружанскага раёна праходзіў ў скарочаным парадку. На гэтым настаяў сам абвінавачаны. Ён цалкам прызнаў сваю віну і пажадаў хутчэй вырашыць праблему.
З-за асаблівага цынізму, з якім было ўчынена злачынства, суддзя прызначыў мужчыну шэсць месяцаў арышту, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асуджаны не стаў абскарджваць прысуд.
Фота — Fotolia/PhotoXPress.ru