Вясковых дыджэяў папрасілі расказваць на дыскатэках пра 65-годдзе Перамогі

На думку чыноўнікаў, на дыскатэках людзі павінны не проста адпачываць, але і слухаць лекцыі пра здаровы лад жыцця і Вялікую Айчынную вайну. Дыджэяў ажно з трох Дамоў культуры сабраў арганізаваны аддзелам культуры Смалявіцкага райвыканкама конкурс дыскатэчных праграм “Дыскатэчны рух – 2010”. Пераможцам стаў дыджэй Касцет (Канстанцін Спесіўцаў) з сельскага Дома культуры пасёлка Ўсяж. За сваю праграму “Радыё-дыджэй” ён атрымаў дыплом і… метадычныя матэрыялы па ўдасканальванні дыскатэчнага руху.

Як патлумачыла Еўрарадыё дырэктар Смалявіцкага раённага метадычнага цэнтра Вольга Барысенка, у іх былі сабраныя сцэнары лепшых тэматычных дыскатэчных праграм раёна. Прычым, тэматыка прапанаваных дыскапраграм вагалася ад “Пацёртых джынсаў” і “За здаровы лад жыцця” да праграмы, прысвечанай 65-годдзю Перамогі. Таксама ў метадычках размясцілі матэрыялы на тэму “Стан і перспектывы развіцця дыскатэчнага руху на Смалявіччыне” і прапанавалі дыджэям карыстацца імі падчас дыскатэк.

Вольга Барысенка: “Забаўляючы — навучай” — самае галоўнае правіла. Любая дыскатэчная праграма складаецца з інфармацыйнай часткі, музычнай часткі, пазнавальнай і забаўляльнай. І ўсё гэта зведзена ў агульнае цэлае. На дыскатэцы мы прызямляемся туды, дзе мы знаходзімся, да нашага раёна — але каб гэта было цікава. Бо сёння моладзь жыве і не ведае, якія героі, колькі іх у нас у раёне маецца, а тым больш — 65 гадоў Перамогі. Але і гэта гучала. Была прадстаўленая і такая праграма”.

Праўда, пераможца конкурсу Канстанцін Спесіўцаў прызнаўся Еўрарадыё, што падоранымі метадычкамі карыстацца ён не збіраецца, асабліва за заробак у 60 тысяч у месяц.

Канстанцін Спесіўцаў: “Ведаеце, патрабаваць ад мяне шмат усё адно не стануць. Я працую за 0,25 стаўкі, а працую, напэўна, больш за ўсіх астатніх у клубе. Рэч нават не ў грошах, а ў прынцыпе. Я працую без выходных — і што я маю? 60 тысяч у месяц!”

Да таго ж, усё абсталяванне, неабходнае для дыскатэк, Канстанцін набыў за ўласныя сродкі. А нешта патрабаваць, кажа, могуць з тых, хто працуе на казённым абсталяванні і за нармальныя грошы.

З тым, што па-сапраўднаму паўплываць на дыджэяў і “развіццё дыскатэчнага руху” амаль немагчыма, пагаджаецца і дырэктар метадычнага цэнтра Вольга Барысенка.

Вольга Барысенка: “У нас бяда ва ўсёй вобласці ў тым, што не ўведзена такая штатная адзінка ні пры адной установе культуры як “вядучы дыскатэчнай праграмы”. Вядучымі праграм з’яўляюцца альбо школьнікі старэйшых класаў, альбо студэнты. І даць ім могуць толькі 0,25 стаўкі, не больш. І тое — гэта раскоша для культуры. І нашыя “клубнікі” за іх двума рукамі трымаюцца, каб яны там нешта рабілі і праводзілі”.

І самае крыўднае, кажа дырэктар, што ўладамі вобласці прынята і дзейнічае праграма “Дыскатэка”.

Вольга Барысенка: “Калі прынята праграма “Дыскатэка”, а яна прынята і не першы год дзейнічае, але яна чамусьці не фінансуецца: ні вобласцю, ні рэспублікай, ні, тым больш, раёнам”.

І, кажа, калі праводзяцца семінары для вядучых дыскатэк, сорамна глядзець, як дыджэі з вёсак і пасёлкаў проста баяцца падыходзіць і карыстацца нармальным абсталяваннем. Яны нават блізка нічога такога не маюць і не ведаюць, як на ім працаваць.