Выбарчае заканадаўства Беларусі зменіцца ўпершыню за 73 гады

Пра гэта Еўрарадыё заявіў юрыст Сяргей Альфер, які прааналізаваў запланаваныя змены ў заканадаўства “Прапановы, якія ўводзяцца, з’яўляюцца рэвалюцыйнымі для Беларусі. Я згодны ў гэтым пытанні са спадарыняй Ярмошынай. Да сённяшняга дня ў Беларусі дзейнічае выбарчае заканадаўства з невялікімі зменамі, якое ўвялі ў 1937 годзе. І вось з 1937-га года да сённяшняга дня заканадаўства і дзейнічае. Паводле свайго сэнсу гэта тое ж самае нязменнае заканадаўства сталінскага часу”.

Законапраект пакуль яшчэ не паступіў у Палату прадстаўнікоў, але спадар Альфер упэўнены, што ён будзе прыняты амаль без зменаў:

“На вялікі жаль, законапраект яшчэ не паступаў у Палату прадстаўнікоў, і што канкрэтна будзе ў ім, мы пакуль не ведаем. Але можна лічыць, што пасля паступлення гэтага законапраекту ў Палату прадстаўнікоў ён амаль без зменаў будзе ёю прыняты”.

Што прапануе на сённяшні дзень Цэнтральная выбарчая камісія?

1.    Арганізацыя выбараў

Адмова ад 50% парогу яўкі выбаршчыкаў на мясцовых выбарах для таго, каб выбары адбыліся

Ярмошына: "Прымушаць выбаршчыкаў хадзіць на мясцовыя выбары і атрымоўваць скаргі аб злоўжыванні адміністрацыйным рэсурсам не варта. Прыйшоў час ускласці адказнасць за яўку на саміх выбаршчыкаў".

Альфер: "Я магу вітаць падобную прапанову Цэнтральнай камісіі. Па-першае — гэта прывядзе да таго, што мясцовыя выбары адбудуцца абсалютна па ўсіх выбарчых участках, нягледзячы на прыход выбаршчыкаў. Другое — мясцовыя органы ўлады не будуць прымушаць грамадзянаў удзельнічаць у выбарах, што само па сабе з’яўляецца парушэннем нашай канстытуцыі".


2.    Выбарчыя камісіі

Што датычыцца выбарчых камісій, прагучала дзве прапановы, якія плануюць уключыць у заканадаўства.

Ярмошына: "Мы прапануем, каб службоўцы дзяржапарата прадстаўлялі не больш за траціну складу камісій. А палітычным партыям і грамадскім арганізацыям плануецца даць права займаць не менш за траціну месцаў у камісіях".

Альфер: "Гэта значыць, што калі ва ўчастковай камісіі 13 сябраў, то не менш чым 5 з іх павінны быць ад палітычных партый. На вялікі жаль, думаю, што гэта будзе недасягальнай мэтай для беларускіх палітычных партыяў. І таму ў сваёй большасці выбарчыя камісіі, у першую чаргу ўчастковыя выбарчыя камісіі, будуць фармавацца, як і фармаваліся".

Тым не менш, кажа Сяргей Альфер, гэта мэта, да якой цяпер павінны будуць імкнуцца беларускія палітычныя партыі. Гэта адзін з накірункаў іх развіцця. Хочаш удзельнічаць у выбарах, хочаш кантраляваць выбары, каб яны не былі фальсіфікаваныя, — уключай сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.

Другая прапанова — прадстаўнікі палітычных партый і іншых суб’ектаў, якія вылучаюць сваіх сяброў выбарчых камісій, маюць права прысутнічаць пры разглядзе пытання пра сяброў выбарчых камісій у адпаведных органах.

Альфер: "Будуць ці не будуць яны мець магчымасць бачыць першапачатковыя дакументы па вылучэнні прадстаўнікоў выбарчых камісій — гэта пакуль пытанне. І пытанне гэта даволі істотнае, таму што, згодна з нашымі звесткамі, працэнтаў 80, а можа і больш першасных дакументаў не адпавядаюць закону альбо не існуюць увогуле".


3.    Рэгістрацыя

Прапаноўваецца выключыць з закону патрабаванне аб наяўнасці ніжэйшай  арганізацыйнай структуры у выбарчай акрузе, дзе збіраецца вылучацца кандыдат.

Ярмошына: "Калі гэта папраўка будзе прынята, палітычная партыя зможа высоўваць кандыдата па любой выбарчай акрузе, незалежна ад існавання на яго тэрыторыі партыйных структур".

Альфер: "Я падлічыў, у колькі ж сёння абыходзіцца наяўнасць арганізацыйных структур — аказалася, што дзесьці 300 і болей тысяч долараў у год. Гэта было глупства".

Прапаноўваецца адысці ад засведчання подпісаў у выканкамах. Дастаткова будзе подпісу сябра ініцыятыўнай групы, які іх збіраў.

Ярмошына: "Пры наяўнай сістэме збора подпісаў адбываецца шмат тэхнічных памылак. Подпісы прызнаюцца несапраўднымі, калі яны неадпаведным чынам засведчаныя  — напрыклад, не ў тым выканкаме".

Альфер: "Грамадзянская супольнасць прапаноўвала рабіць засведчанне гэтых подпісаў у выбарчых камісіях, бо выбарчыя камісіі з’яўляюцца арганізатарамі. Цэнтральная камісія пайшла нават далей. І калі я кажу, што пэўныя прапановы Цэнтральнай камісіі з’яўляюцца яшчэ больш кардынальнымі, чым прапаноўвала грамадзянская супольнасць, то менавіта гэтая прапанова як раз такая. Яны ўвогуле палічылі немэтазгодным засведчанне подпісаў".


4.    Агітацыйны перыяд

Магчымасць стварэння фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзідэнты і ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Альфер: "У выбарчы фонд будуць паступаць грошы, якія выдаюцца дзяржавай для правядзення выбараў, а таксама іншыя грошы як грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, так і недзяржаўных арганізацыяў Рэспублікі Беларусь, якія не ўтрымліваюць замежнага элементу. Дзяржаўныя структуры, як і ў большасці краінаў, не будуць мець права падтрымліваць кандыдатаў.

Але я думаю, што ў святле сённяшняй сітуацыі ў Беларусі выбарчыя фонды будуць напаўняцца выключна грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. І ніводная арганізацыя не рызыкне пералічыць грошы кандыдату, які знаходзіцца ў апазіцыі да дзеючай улады. Бо туды адразу ж прыйдзе падатковая з праверкай і знойдзе вельмі шмат парушэнняў".

Застаецца пытанне і пра памер гэтых фондаў, — кажа Сяргей Альфер. На думку юрыста, ён недастатковы:

“Усё павінна рабіцца такім чынам, каб людзі мелі магчымасць правесці выбарчую кампанію — не парушаючы выбарчае заканадаўства. На вялікі жаль, памер прапанаваных выбарчых фондаў на сёння гэтага пакуль не дазваляе. Як працавалі “ў чорную” кандыдаты, так і будуць далей працаваць. Тым не менш, я вітаю падобную прапанову аб увядзенні персанальных выбарчых фондаў у Выбарчы кодэкс. Таму што трэба з чагосьці пачынаць. І я думаю, што гэта першы крок, а другім крокам пасля выбараў, я мяркую, будзе павелічэнне выбарчых фондаў”.

Плануецца спрасціць парадак перадвыбарных сустрэчаў з выбаршчыкамі.
 
Ярмошына: "Абмяркоўваецца ўвядзенне заяўляльнага прынцыпа пры правядзенні вулічнай агітацыі. Але яны будуць тычыцца толькі тых месцаў, якія вызначаць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы".

Альфер: "Гэта крок наперад — пасля 2006 года. Але крок назад, калі гаварыць пра перыяд да 2006 года. Бо да 2006 года сустрэчы з выбаршчыкамі можна было праводзіць у любым месцы, не патрабуючы дазволу.

А цяпер, калі будзе вызначаны нейкі сабачнік дзесьці там у скверы, дзе ніхто ніколі не ходзіць, то кандыдаты ў гэтым сабачніку могуць абсалютна вольна ў любы час дня і ночы агітаваць… Гэта тое глупства, ад якога Цэнтральная камісія павіна ўсё ж такі адмовіцца".


5.    Галасаванне

Па датэрміновым галасаванні прапануецца ўвесці дадатковыя гарантыя яго празрыстасці.

Ярмошына: "Прапаноўваецца, што па выніках кожнага дня галасавання будзе складацца пратакол аб  колькасці грамадзянаў, якія атрымалі бюлетэні".

Альфер: "Да сённяшняга дня колькасць выбаршчыкаў, якія датэрмінова прагаласавалі, пасля кожнага дня з’яўлялася дзяржаўнай таямніцай. Цяпер, калі будзе складацца акт, то дзяржаўнай таямніцай гэта ўжо быць не можа, і таму зацікаўленыя суб’екты змогуць атрымаць звесткі.

Больш нічога пра датэрміновае галасаванне мы, на вялікі жаль, не ведаем. Ці будзе змененая форма пратакола галасавання? Тут больш нічога нам не вядома".


6.    Назіранне

Уключыць у Выбарчы кодэкс палажэнне, паводле якога назіральнік павінен назіраць за падлікам галасоў ва ўмовах, якія “дазваляюць яму аглядаць працэдуру падліка”.

Альфер: "Да сённяшняга дня назіральнікі маглі толькі “прысутнічаць пры падліку галасоў”. А цяпер яны змогуць “знаходзіцца ва ўмовах, якія будуць дазваляць ім назіраць за падлікам галасоў". Гэта досыць такая хітрая фармулёўка. Назіраць за працэдурай падліку галасоў — гэта не адное і тое ж, што бачыць, што паставіў выбаршчык у бюлетэні для галасавання. Назіраць я магу, знаходзячыся на той самай адлегласці ў 10 метраў ад выбарчай камісіі, і бачыць, як яны праводзяць падлік галасоў. На вялікі жаль, гэта не павялічвае магчымасці назіральнікаў па кантролі за выбарчым працэсам".


7.    Выбарчыя спрэчкі

Цэнтрвыбаркам прапаноўвае павялічыць тэрмін падачы скаргаў.

Пытанне тэрмінаў вельмі істотнае, кажа спадар Альфер, але адначасова з тэрмінамі абскарджвання трэба падвысіць і тэрміны паўнамоцтваў выбарчых камісій:

“Сёння тэрмін паўнамоцтваў участковых выбарчых камісій заканчваецца з падлікам галасоў. Вось яны падлічылі, здалі пратакол — усё. Усё астатняе, што напісана наконт таго, што можа быць перападлік галасоў з удзелам сябраў участковай выбарчай камісіі — гэта лухта. Таму што выбарчай камісіі не існуе. І пра якіх сябраў выбарчай камісіі можа ісці гаворка?

Другое пытанне, якое варта паставіць, — падаўжэнне паўнамоцтваў выбарчых камісіяў на пэўны тэрмін, не менш, чым на 10 дзён. А калі дзеянні выбарчай камісіі аспрэчваюцца ў судзе, то да вынясення судом рашэння яны павінны рэальна існаваць”.

Частка з гэтых прапаноў з’яўляецца абсалютна цывілізаванымі і павялічаць давер насельніцтва да выбараў, частка — недастатковыя, кажа спадар Альфер:

“ Але з чагосьці трэба пачынаць… Калі тое, што кажа Ярмошына, будзе прынята, гэта дасць пэўную палёгку і будзе першым крокам да набліжэння нашага Выбарчага кодэксу да міжнародных прававых стандартаў у галіне выбараў.

 Таму я вітаю гэтыя прапановы і спадзяюся, што праз пэўны час мы зможам цвёрда сказаць, што гэтыя выбары былі праведзеныя абсалютна свабодна. І вынік галасавання адпавядае волевыяўленню грамадзян…”


Фота: ByMedia