Выдача новых правоў выклікала сярод мінскіх кіроўцаў небывалы ажыятаж

У ДАІ такому наплыву здзіўляюцца і запэўніваюць, што старое пасведчанне будзе па-ранейшаму дзейнічаць, пакуль не скончыцца яго тэрмін дзеяння.
З 1 лютага у Беларусі пачалі выдаваць пасведчанні кіроўцы новага ўзору. Гэта выклікала небывалы ажыятаж у Мінску, распавяла Еўрарадыё начальнік прэс-службы сталічнай ДАІ Жанна Трайно.

"Атрымаць пасведчанне можна па месцы рэгістрацыі. У Мінску гэта па адрасе Дзяржынскага, 3 або Ціміразева, 114. На Дзяржынскага вельмі шчыльна зала набіта людзьмі. І там журналісты задавалі пытанне: "Чаму вы сёння прыйшлі?". Многія адказвалі, што ўсе пайшлі — і я пайшоў".

Каштуе новае пасведчанне 17 500 рублёў плюс камп’ютарныя паслугі. Каб яго атрымаць, неабходна напісаць заяву, падаць старыя правы, пашпарт, медыцынскую даведку і квітанцыю аб аплаце пошліны. 

"Згодна з указам прэзідэнта, час для выдачы пасведчання — 5 дзён. Калі чэргаў няма, раней мы ўкладваліся ў 1 дзень. Цяпер пакуль такі ажыятаж, таму што ўсе рынуліся атрымліваць. Спадзяюся, будзем ўкладвацца ў 5 дзён", — дадае Жанна Трайно.

У ДАІ тлумачаць, што старое пасведчанне будзе дзейнічаць у Беларусі і Еўропе, пакуль не скончыцца яго тэрмін дзеяння, праўда для паездкі за мяжу трэба будзе рабіць завераны натарыюсам пераклад.

"У Еўропе старыя пасведчанні будуць дзейнічаць да заканчэння тэрміну, указанага ў бланку. Незалежна ад таго, што 29 сакавіка ўступае ў дзеянне еўрапейская канвенцыя і мы ўжо абавязаныя выдаваць пасведчанні новага ўзору, але старыя будуць дзейнічаць да заканчэння тэрміну, пазначанага ў бланку".

Таму зараз змяняць пасведчанні рэкамендуюць толькі тым кіроўцам, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння старога. Але ж кіроўцы масава пайшлі мяняць правы, як у свой час людзі выстройваліся ў чэргі на ЗD-кіно.

"Сёння тэлебачанне здымала бланкі пасведчанняў, якія здаюцца пры абмене, там практычна ўсе 5-10 гадоў яшчэ могуць дзейнічаць. А людзі не зразумела чаму прыйшлі. Сапраўды нейкі фактар натоўпу!"

Новае пасведчанне — пластыкавая картка, на якой размешчаны фотаздымак кіроўцы, яго месца і дата нараджэння, а таксама аўтограф. Правы будуць на беларускай, рускай і англійскай мовах.




Фота: ctv.by