Выхадныя будуць цёплымі, а на наступным тыдні пачнуцца восеньскія дажджы

У бліжэйшыя выхадныя дні ў Беларусі захаваецца ўмерана цёплае надвор'е, дажджоў будзе няшмат. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла галоўны сіноптык Гідраметцэнтра Вольга Фядотава. У суботу чакаюцца невялікія дажджы, пераважна па паўночнай частцы Беларусі. Уначы і зранку ў асобных раёнах туман. Вецер заходні і паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература ў ноч на суботу +4...+10, удзень — 10...15 цяпла.

У нядзелю невялікія дажджы прагназуюцца пераважна ў паўночна-ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Уначы і зранку будуць туманы. Уначы тэмпература будзе ад 4 да 10 цяпла, а ўдзень будзе хістацца ад +11 на поўначы да +18 на поўдні краіны.

Фядотава: "На пачатку наступнага тыдня характар надвор'я істотна не зменіцца. Будзе ўмерана цёпла. Начная тэмпература — ад 4 да 10 цяпла, удзень ад 9 да 16. Дажджы будуць кароткачасовымі і пройдуць толькі ў асобных раёнах краіны".

Па словах сіноптыкаў, сапраўдныя восеньскія дажджы пачнуцца з сярэдзіны наступнага тыдня.