Выконваючы проціпраўны загад начальніка, электрык зваліўся з вышыні 6,5 м
На галоўнага энэргетыка пачалі крымінальную справу за парушэнне правілаў аховы працы.
Лунінецкі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на галоўнага энэргетыка вытворчага кааператыву. Мужчыну вінавацяць у парушэнні правілаў аховы працы.
Як паведамляе сайт Следчага камітэта, галоўны энэргетык загадаў падначаленаму электраманцёру падключыць часовыя сеткі электразабеспячэння да апоры паветранай лініі электраперадачы. Электрык падняўся да лініі электраперадач па прыстаўной лесвіцы, усталяванай на спецыялізаваным аўтамабілі. Але падчас яго працы апора лініі электраперадачы абвалілася. Электраманцёр зваліўся з вышыні 6,5 метраў і атрымаў пераломы плечавой косткі і рэбраў.
Указанне галоўнага энэргетыка было проціпраўным, бо падлучацца да лініі электраперадач могуць толькі работнікі электрасетак.
Фота — sk.gov.by