Вызначаныя лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Максіма Багдановіча “Дэбют”
Да разгляду прымаліся дэбютныя кнігі аўтараў да 35 год, напісаныя і выдадзеныя па-беларуску цягам 2010 года.
У намінацыі “Паэзія” лаўрэатам стаў Віталь Рыжкоў са сваім зборнікам “Дзверы, замкнёныя на ключы”. У намінацыі “Проза” найлепшай прызналі Наталку Харытанюк з кнігай “Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА”. А вось у намінацыі “Пераклад” уганаравалі адразу дзвюх маладых аўтарак — Насту Лабаду за пераклад са шведскай кнігі Туве Янсан “Маленькія тролі і вялікая паводка” і Вольгу Цвірко, якая таксама са шведскай пераклала кнігу Мікаэля Ніемі “Папулярная музыка зь Вітулы”, паведамляе БелаПАН.
Літаратурная прэмія “Дэбют” заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч выказаў спадзеў, што прэмія стане штогадовай і будзе ўручацца ў тых жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч.