Вызваленне палітвязняў у Беларусі "адкладзенае на некаторы час"
Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / shutterstock / Fanni_2021
Вызваленне палітвязняў у Беларусі "адкладзенае на некаторы час". Пра затрымку ў вызваленні большай колькасці палітвязняў папярэдзіла адміністрацыя Дональда Трампа. Пра гэта лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская расказала інфармагенцтву Reuters.
Паводле Ціханоўскай, амерыканскі бок паведаміў ёй, што "наступныя вызваленні адкладзеныя на некаторы час", але яна не можа раскрыць прычыну гэтага.
"Ведаючы прычыну, я не хвалююся. Вядома, мы хочам, каб як мага больш людзей былі вызваленыя як мага хутчэй, і любая затрымка разбурае здароўе многіх з іх. Але гэта не канец працэсу", — цытуе словы Ціханоўскай Радыё Свабода.
Яна звярнула ўвагу на аптымістычныя словы спецпасланніка па Беларусі Джона Коўла, які 3 чэрвеня напісаў у сацсетцы X: "Мы яшчэ не скончылі. Захоўвайце надзею!"
Цягам апошняга года адміністрацыя Дональда Трампа змагла выцягнуць з-за кратаў прыкладна 500 беларускіх палітвязняў. Апошняе такое вызваленне адбылося ў сакавіку 2026 года.