"Вызваленне" прапаноўвае міжнароднай камісіі расследаваць падзеі 19 снежня

Грамадзянская ініцыятыва сваякоў беларускіх палітвязняў "Вызваленне" прапаноўвае стварыць міжнародную камісію па расследаванні падзей у Мінску, якія адбыліся пасля выбараў 19 снежня.

"Пасля прэзідэнцкіх выбараў і мірнай акцыі пратэсту былі затрыманыя і збітыя сотні грамадзян Беларусі, многія з якіх былі асуджаныя на адміністрацыйны арышт ці выплату штрафу, — гаворыцца ў звароце. — Мы лічым, што разгон мірнай акцыі справакавала група правакатараў, якія могуць быць устаноўленыя па фота- і відэазапісах. Наша неразуменне выклікае той факт, што гэтыя асобы дагэтуль не аб'яўленыя ў вышук".

"Паводле нашых звестак, некаторым з затрыманых (Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Наталля Радзіна, Мікалай Статкевіч) патрабуецца неадкладная медыцынская дапамога, аказанне якой немагчымае ва ўмовах СІЗА КДБ, — адзначаюць аўтары звароту. — У гэтай сувязі мы патрабуем ад Аляксандра Лукашэнкі вызвалення ўсіх узятых ім заложнікаў — кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асоб, журналістаў і незаконна затрыманых людзей".

"Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, а таксама міжнародную супольнасць — у першую чаргу кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і Расіі — далучыцца да гэтых патрабаванняў. Мы прапаноўваем стварыць міжнародную камісію па расследаванні злачынстваў, якія мелі месца падчас выбараў 19 снежня 2010 года ў Беларусі", — гаворыцца ў звароце.

"Лічым, што да вызвалення ўсіх арыштаваных і затрыманых у сувязі са "справай 19 снежня 2010 года" апраўданымі могуць быць усёабдымныя жорсткія санкцыі з боку ЗША, Еўрасаюза і РФ у дачыненні да беларускага рэжыму"
, — заяўляюць прадстаўнікі ініцыятывы.