Wikileaks мае 1878 сакрэтных дыпламатычных тэлеграмаў па Беларусі

Тэлеграмы мусяць прадставіць надзвычай цікавыя факты аб сітуацыі ў Беларусі, выказаныя амерыканскімі дыпламатамі. Wikileaks абяцае, што кожная краіна пабачыць сапраўдныя адносіны свайго ўрада з ЗША. Але на іх публікацыю пойдуць месяцы — тэлеграмы публікуюцца порцыямі.
"Тэлеграмы — найбольш значны суцэльны гістарычны архіў, які змяшчае інфармацыю па розных сусветных пытаннях, геапалітыцы і дэмакратыі, правах чалавека і вяршэнстве права, нацыянальных рэсурсах і сусветным гандлі", — паведамляе сайт Wikileaks.

Нагадаем, Wikileaks пачаў публікаваць тэксты сакрэтных паведамленняў амерыканскіх дыпламатаў, дасланых з 274 амбасадаў па ўсім свеце. Тэлеграмы змяшчаюць загады з Дзярждэпартамента (эквівалент Міністэрства замежных спраў), а таксама даклады амбасадаў пра мясцовыя ўрады.

Суцэльны архіў Wikileaks складае 251.287 тэлеграм, дасланых у перыяд са снежня 1966 года па 28 лютага 2010 года. Для параўнання, па Ўкраіне тэлеграм столькі ж як па Беларусі — 1878, па Польшчы — 1175, па Расіі — 6999.