Яцанюк патлумачыў заяву пра "савецкае ўварванне ў Нямеччыну"

Прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк пракаментаваў свае словы пра "савецкае ўварванне ва Украіну і Нямеччыну". Як паведамляла Еўрарадыё, заява палітыка ў інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ARD выклікала шырокі рэзананс.

"Арсень Яцанюк меў на ўвазе падзел Нямеччыны Савецкім Саюзам пасля Другой сусветнай вайны. Берлін нават быў падзелены сцяной, каб зрабіць немагчымым перасоўванне немцаў з яго ўсходняй часткі ў заходнюю", — перадае ВВС словы прэс-сакратара ўкраінскага прэм'ера Вольгі Лапо.

Нагадаем, што Яцанюк заявіў наступнае: "Нямеччына і нямецкі канцлер асабіста зрабілі шмат, каб аднавіць мір ва Украіне. І каб гарантаваць стабільнасць не толькі ва Украіне, але і ва ўсёй Еўропе. Агрэсія Расіі ва Украіне з'яўляецца нападам на сусветны парадак і парадак у Еўропе. Мы ўсе вельмі добра памятаем савецкае ўварванне на Украіну і ў Нямеччыну. Гэтага варта пазбегнуць. і ніхто не мае права на перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны. Менавіта гэта спрабуе зрабіць прэзідэнт Расіі Пуцін".

Фота — AFP