Яцэк Пратасевіч і яшчэ трое еўрадэпутатаў 25-27 лютага наведаюць Беларусь

25-27 лютага Беларусь наведае місія Еўрапарламента. Чакаецца, што ў Мінск прыедуць старшыня дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч, старшыня падкамітэта па правах чалавека Хэйдзі Хаўтала, намеснік старшыні дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Юстас Палецкіс і старшыня дэлегацыі ў Парламенцкую Асамблею Еўранэст Крысціян Вігенін. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дарадца Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец. Чакаецца, што еўрадэпутаты сустрэнуцца з прадстаўнікамі ўлады, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Па вяртанні ў Брусэль яны падрыхтуюць справаздачу, ад якой будзе залежаць канчатковае рашэнне Еўрапарламенту наконт складу беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце, а таксама тэкст рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі.

Нагадаем, што прыняццё рэзалюцыі па Беларусі, раней планаванае на чацвер 25 лютага, перанесена на два тыдні. Яно адбудзецца акурат напярэдадні перагляду адносін Беларусі і Еўрасаюзу на красавіцкім паседжанні Савета міністраў ЕС.