Як беларусы праяўляюць сваю салідарнасць (фота)
Акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Мінску 19 снежня набрала бадай што агульнанацыянальны маштаб. На ўправу БНФ ідуць сотні людзей, якія нясуць рэчы, ваду, грошы.
"Вельмі нечакана шмат людзей адгукнулася. Праз управу за гэты тыдзень прайшло не менш за паўтары тысячы людзей, якія прыйшлі дапамагчы. Таму вера ў такіх салідарных беларусаў у кожнага, хто пабываў на сядзібе. ёсць. Прычым, 99 адсоткаў — гэта простыя грамадзяне. Больш за тое, як правіла, гэта людзі, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці і ніколі не думалі, што будуць займацца ахвяраваннямі. Гэта самыя звычайныя грамадзяне", — кажа адзін з каардынатараў Сяржук Семянюк.
Першыя дні на сядзібу БНФ стаялі вялікія чэргі з ахвочых дапамагчы. Спачатку неслі цёплую вопратку, потым прыносілі ваду, сокі, сродкі гігіены. На сядзібу штодзень прыходзяць людзі і прапануюць сваю дапамогу.
Мужчына: "Хлопцы ў бядзе, трэба дапамагаць — гэта ж будучыня наша. Гэта вядома поўнае бязладдзе. Зайшоў пацікавіцца чым дапамагчы. Прапанаваў свае паслугі, падвезці, адвезці".
Ужо на выходных апошні вязень атрымаў перадачу і зараз кожны забяспечаны самымі неабходнымі рэчамі.
Хлопец валанцёр: "Зараз я вязу ўжо передачы людзям, якіх не ведаю. Усіх знаёмых я забяспечыў яшчэ на мінулым тыдні".
Хлопцам перадаюць цыгарэты, ваду, сокі. Дзяўчатам акрамя гэтага дазваляюць перадаваць салодкае і фрукты.
"Асноўная затрымка была ў прапускной здольнасці прахадных турмаў. Мы былі гатовыя перадаць перадачы кожнаму на другі дзень затрымання. Але гэта было немагчыма зрабіць за адзін дзень. Але зараз можна сказаць, што два дні таму кожны, хто сядзіць у турме, атрымаў стандартную перадачу. Там было ўсё, што можна перадаваць на Акрэсціна", - кажа Семянюк.
Многія людзі прыносяць грошы для дапамогі арыштаваным. На вачах карэспандэнта Еўрарадыё некалькі чалавек укінулі ў скрыню сумы большыя за 200 тысяч.
Мужчына: "Мы прыехалі з Полацка. Нашых знаёмых там няма, але аказаць дапамогу трэба. Тут трэба дапамога людзьмі, але мы застацца не можам, таму вырашылі дапамагчы фінансава. Гэтыя затрыманыя практычна не вінаватыя ў тым, што яны прыйшлі на плошчу, а ўмовы ўтрымання ў турмах пакідаюць жадаць лепшага. Людзі прыйшлі на плошчу выказаць незадаволенасць і былі арыштаваныя. Усім блізкія сваякі не могуць дапамагчы — гэта звязана з фінансавымі праблемамі. А то што арганізавана такая акцыя з аказаннем дапамогі — вялізны плюс, таму што многія хочуць дапамагчы, але не ведаюць як".
Хлопец: "Я з інтэрнэта даведаўся. Там маіх знаёмых няма, але гэта ўсё вельмі ўражвала. Ну ёсць проста ўнутраная патрэба быць салідарным".
Сяржук Семянюк, кажа, што кожнаму вязню акажуць дапамогу. Заўтра пачынаюць выпускаць першых герояў Плошчы. У Мінску іх будуць сустракаць валанцёры на аўтамабілях, а з Жодзіна забяруць на аўтобусах, якія арандаваў "Рух за Свабоду".
"Кожны чалавек, які адседзеў на сутках, мусіць аплаціць пэўную суму грошай за ўтрыманне. З сённяшняга дня мы дэкларуем, што гэтыя выдаткі бярэм на сябе. Усіх вязняў пасля вызвалення заклікаем прыходзіць на Машэрава, 8. Тут будуць кампенсаваныя выдаткі на аплату зняволення".
Таксама, многія звяртаюцца па дапамогу да праваабаронцаў, якія аказваюць юрыдычную падтрымку.