Якія беларускія прадукты дагэтуль пад забаронай у Расіі
15 снежня скончыўся тэрмін, які Лукашэнка адвёў на ўрэгуляванне сітуацыі з пастаўкамі ў Расію.
15 снежня скончыўся дзесяцідзённы тэрмін, які Аляксандр Лукашэнка адвёў на ўрэгуляванне сітуацыі з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію. На цяперашні момант забарона знятая з шасці прадпрыемстваў, якія інспектаваліся дзяржаўнай ветэрынарнай службай Беларусі. Гэта Жлобінскі і Гомельскі мясакамбінаты, Віцебская бройлерная птушкафабрыка, ААТ “Агракамбінат Скідзельскі” і ААТ “Птушкафабрыка “Світанак”. Яшчэ раней, 4 снежня, была знятая забарона на пастаўкі ў Расію прадукцыі Калінкавіцкага мясакамбіната.
Між тым, сайт Рассельнагляда паведамляе, што з 24 лістапада па 9 снежня былі абмежаваныя пастаўкі мяса, мясной і малочнай прадукцыі з 26 прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку, з 18 праз парушэнні патрабаванняў да харчовай бяспекі прадукцыі і з 8 — праз наяўнасць геному афрыканскай чумы свіней (АЧС).
Такім чынам, атрымліваецца, што загад Лукашэнкі выканалі толькі на чвэрць — з-пад забароны вызвалілі 6 з 26 прадпрыемстваў, а яшчэ 2 дзясяткі заводаў застаюцца ў спісе?
Цікава, што ў прэс-службе Мінсельгасхарча не называюць, колькі прадпрыемстваў дагэтуль не могуць пастаўляць прадукцыю ў Расію, але адзначаюць, што дакладная колькасць адрозніваецца ад прадстаўленай на сайце Рассельгаснагляда. Тым часам у Рассельгаснаглядзе каментаваць сітуацыю адмаўляюцца.
Вядома, што пачынаючы з 9 снежня, вядуцца бесперапынныя сумесныя праверкі ў прадпрыемствах: ААТ “Бабушкина крынка”, ААТ “АК “Дзяржынскі”, ААТ “Смалявічы бройлер”, ААТ “Бярозаўскі мясакамбінат”, ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, СЗАТ “Сервалюкс Агра”, СЗАТ “Сервалюкс”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, ААТ “Рагачоўскі ММК”, ТАА “Вялес-Міт”, ЗТАА “Белавежскія делікатэсы”, ІП ТАА Інка-фуд.
Што ж зрабілі прадпрыемствы для таго, каб над імі злітасцівіліся і знялі забарону?
Прадстаўнікі прадпрыемстваў каментуюць сітуацыю розным чынам. Так, напрыклад, прадстаўнік Жлобінскага мясакамбіната, не разумее, чаму 25 лістапада іх прадукцыю забаранілі:
“11 снежня гэту забарону знялі. Паводле вынікаў праверкі, ніякай чумы там так і не знайшлі, напісалі толькі што дазваляюць адгрузку, і ўсё”.
А вось намесніца дырэктара па мясаперапрацоўцы і кантролі за якасцю “Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі” Наталля Баркоўская распавяла, што пастаўкі ў Расію спынілі праз тое, што бранская санітарная інспекцыя выявіла ў мясе птушкі перавышэнне колькасці анаэробных мікраарганізмаў, што часам звязана з парушэннем гігіены падчас транспартавання і захоўвання.
Пасля гэтага адразу была праведзеная комплексная ветэрынарная праверка прадукцыі фабрыкі, якая не выявіла ніякіх парушэнняў. Дакументацыя паводле ўсіх вынікаў інспекцыі была накіравана ў Рассельгаснагляд. Пасля чаго ён дазволіў узнавіць пастаўкі.
“Праверка цягнулася столькі часу, бо некаторыя аналізы робяцца на працягу чатырох-пяці дзён”, — адзначыла прадстаўнік кампаніі. Яна таксама мяркуе, што ніякіх вялікіх стратаў прадпрыемства не панесла, бо высокая інфляцыя ў Расіі патрабуе паніжэння коштаў прадукцыі, а гэта пры пэўных ўмовах можа быць нявыгадным для птушкафабрыкі.
Тыя прадпрыемствы, з якіх забарону яшчэ не знялі, чакаюць вынікаў даследаванняў.
Прадстаўнік Ашмянскага мясакамбіната распавядае, што яны робяць усё для таго, каб узнавіць пастаўкі. Ён перакананы, што ніякіх парушэнняў камбінат не мае, бо прадукцыя заўсёды адбіралася “на пробы” падчас перасячэння мяжы, падчас паступлення на расійскія склады. А ўся гэтая сітуацыя занадта ўжо таямнічая:
“На сайце Рассельгаснагляда з’явілася інфармацыя, пра тое, што ў Разані была канфіскаваная прадукцыя мясакамбіната, бо падчас нейкіх даследаванняў яна патрапіла пад сумнеў. Але мы не працуем з Разанню. Як туды патрапіла наша прадукцыя і ці наша яна ўвогуле, невядома. На прапанову накіраваць туды нашу беларускую камісію, каб правесці ўласнае даследаванне, расійскі бок адказаў, што ўсё ўжо знішчана і нічога не засталося”.
Усе вынікі вялікіх ветэрынарных інспекцый як пад капірку сведчаць пра тое, што прадукцыя мае паказальнікі ў межах нормы. Крыніца “заражэння” пакуль так і не знойдзеная.