Янукевіч на Еўрапейскім форуме: Мы не хочам быць мостам у Еўропу!

У Палацы культуры Мінскага аўтазавода 14 лістапада праходзіць Беларускі Еўрапейскі форум. Гэтае мерапрыемства, што праводзіцца шэрагам апазіцыйных рухаў і аб'яднанняў, прыцягнула 1063 дэлегата з усёй Беларусі. А з улікам гасцёў на форуме прысутнічае больш за 1200 чалавек. Мэта Беларускага еўрапейскага форума — падтрымаць паварот Беларусі ў бок Еўрапейскага саюза, паспрыяць таму, каб еўрапеізацыя Беларусі зрабілася незваротнай, а таксама мабілізаваць прыхільнікаў і аб'яднаць патэнцыял беларускіх праеўрапейскіх сіл.

Сярод тых, хто выступіў на Беларускім еўрапейскім форуме з прывітальнымі словамі, быў і лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён зазначыў, што трэнд "моста ў Еўропу", які трывала замацаваўся за Беларуссю праз уплыў Расіі на знешнюю палітыку нашай краіны, маральна састарэў:

Аляксей Янукевіч: "Мы не хочам больш быць мостам у Еўропу. Мост - гэта прахадны двор, толькі вузкі... Нашая задача цяпер - паказаць Еўропе, што мы гатовыя сябраваць ў Еўрапейскім саюзам і гатовыя да паўнавартаснага супрацоўніцтва".