Януковічу “прыбавілі” мільён галасоў, але новага “майдана” не будзе?

Вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне былі сфальсіфікаваныя, "і ўжо гэта не палітычная дэкларацыя, а выразная прававая адзнака юрыстаў", — заявіла кандыдат у прэзідэнты, прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка ў тэлезвароце да народа ўвечары 13 лютага. У якасці прыкладу прэм'ер-міністр прывяла падлік галасоў на ўчастках у Крыме, дзе, па яе словах, на карысць лідэра Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча было сфальсіфікавана ад 3% да 8% галасоў.

"У цэлым жа па Ўкраіне магчымыя маштабы фальсіфікацыі складаюць больш за 1 млн. галасоў па розных тэхналогіях, — цытуе Цімашэнку "БелаПАН". — Гэтых галасоў цалкам досыць для нашай агульнай перамогі. Маю ўпэўненасць у тым, што трэба змагацца! Гэта пацвярджаюць таксама апошнія сведчанні асобных назіральнікаў ад АБСЕ. Яны выказалі жаданне выступіць у судах на нашым баку з відэаматэрыяламі, са сваімі адзнакамі, што на выбарах ва Ўкраіне былі сістэмныя фальсіфікацыі".

Прэм'ер-міністр падкрэсліла, што не будзе "збіраць майданы" і не дапусціць "публічных грамадзянскіх супрацьстаянняў”. Вынікі выбараў Юлія Цімашэнка збіраецца абскарджваць “толькі прававым шляхам і толькі ў судзе”.