Яраслаў Раманчук абяцае зрабіць партнёрамі Беларусі Украіну і Канаду

Яраслаў Раманчук абяцае, што ў выпадку яго перамогі на выбарах стратэгічнымі партнёрамі Беларусі стануць Украіна і Канада. Пра гэта палітык заявіў 29 жніўня ў Мінску на канферэнцыі дэмакратычных структур Мінскай вобласці, паведамляе БелаПАН.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта лічыць, што з Украінай не рэалізаваны вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў гандлі, энергетыцы, інфраструктуры. Разам з суседкай стане лягчэй наладзіць супрацоўніцтва з Еўропай.

Канада ж, паводле слоў намесніка старшыні АГП, магла б стаць "голасам Беларусі ў свеце", бо з сімпатыяй ставіцца да станаўлення Беларусі ў якасці сучаснай еўрапейскай дзяржавы.

Тыя, хто ва ўмовах пагаршэння адносін з Масквой бачаць у асобе Аляксандра Лукашэнкі гаранта незалежнасці Беларусі, памыляюцца, перакананы Раманчук. На яго думку, Лукашэнка не гарант, а пагроза незалежнасці краіны, бо яго ўладу нельга ўявіць без залежнасці ад расійскіх энергарэсурсаў.