Юшчанка абвінаваціў Расію ў дэстабілізацыі становішча ў Крыме

У інтэрв'ю, апублікаваным у нямецкім штотыднёвіку Spiegel, Юшчанка заявіў, што бязладдзе і беззаконне, што пануюць у расійскім Чарнаморскім флоце, прывялі да канфліктаў з украінскімі праваахоўнымі органамі. Прэзідэнт Украіны абвінаваціў Расію ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Крыме. Паводле Юшчанкі, Украіна пакідае за сабой права кантраляваць ваенную прысутнасць Расіі, арэндная дамова з якой заканчваецца ў 2017 годзе. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што паколькі ў рэгіёне ёсьць сілы, якія робяць стаўку на дэстабілізацыю становішча ў Крыме, Украіна імкнецца забяспечыць сваю бяспеку за кошт збліжэння з NATO.

Юшчанка папярэдзіў, што ўплыў Расіі на Ўкраіну можа прывесці да страты ўкраінцамі асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў. Адначасова Юшчанка абвінаваціў Юлію Цімашэнку, кіраўніцу ўкраінскага ўрада і сваю асноўную саперніцу на будучых прэзідэнцкіх выбарах, у тым, што яна абараняе інтарэсы Расіі на шкоду Ўкраіне, паведамляе УНІАН.