З 1 студзеня Беларусь можа закупляць расійскую нафту без выплаты пошлін

З 1 студзеня 2011 года Беларусь можа закупляць расійскія нафту і нафтапрадукты без выплаты пошлін. Гэта прадугледжана двухбаковым міжурадавым пагадненнем аб размеркаванні экспартных пошлін, падпісаным у Маскве 9 снежня мінулага года, паведамляе БелаПАН.

У абмен на бяспошлінныя пастаўкі нафты беларускі бок павінен пералічваць у бюджэт Расіі увесь аб'ём экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія вывозяцца з яе тэрыторыі за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Экспартная пошліна на беларускую нафту ўласнай здабычы (а гэта прыкладна 1,7 млн. тон) будзе паступаць у бюджэт Беларусі.

За межы дзеяння пагаднення выведзена нафта, якую Беларусь можа закупляць у Венесуэле і іншых трэціх краінах. Пошліны на нафтапрадукты з гэтай нафты таксама будуць паступаць у беларускі бюджэт.

Такая схема будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў да таго часу, пакуль Беларусь, Казахстан і Расія не выпрацуюць іншы механізм раздзелу вывазных мытных пошлін.