З БДУ адлічылі студэнта, які ў Швецыі назіраў за выбарамі ў Еўрапарламент

Актывіста "Моладзі БНФ" Паўла Чудука адлічылі з другога курса тэалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як паведамляе Радыё Свабода, непрыемнасці ў хлопца пачаліся пасля яго паездкі ў Швецыю ў якасці назіральніка за выбарамі ў Еўрапарламент. Паводле слоў Чудука, у дэканаце яму дэманстравалі здымкі з "Чарнобыльскага шляху" з яго ўдзелам, сказалі, што сумяшчаць палітычную і грамадскую дзейнасць з навучаннем на факультэце, дэканам якога з'яўляецца мітрапаліт Філарэт, немагчыма. Пасля гэтага ён не змог здаць залік па двух прадметах і быў адлічаны. Актывіст сцвярджае, што раней праблем з вучобай у яго не было, ён паспяхова вучыўся на другім курсе.