З Гомеля у Хойнікі замест цягніка плануюць пусціць рэйкавыя аўтобусы
Іх збіраюцца закупляць за мяжой, але калі навінка прыжывецца, такія аўтобусы будуць выпускаць і ў Беларусі.
У бліжэйшай будучыні на Гомельшчыне плануюць выпрабаваць новы від транспарту — рэйкавыя аўтобусы.
"Ідэя ў тым, каб замяніць вялікі дызель на маленькі і больш эканамічны, — распавёў Еўрарадыё прадстаўнік Гомельскай чыгункі Ігар Гусеў. — Рэйкавыя аўтобусы выглядаюць прыкладна, як трамвай ці метро, толькі крэслы там стаяць, як у аўтобусе. Унутры дызельны рухавік, які круціць колы. Яны могуць перавозіць да 100 чалавек. Выпускаюць іх у Фінляндыі і Швейцарыі. Гэтыя варыянты разглядала чыгунка. Таксама іх робяць у Расіі".
Еўрапейскі ўзор — такі збіраюцца набыць для гомельскай чыгункі
Закупляць першыя аўтобусы будуць за мяжой, але калі выпрабаванні пройдуць паспяхова, то, магчыма, рэйкавыя аўтобусы пачнуць рабіць на беларускім "Белкамунмашы". На самім прадпрыемстве Еўрарадыё паведамілі, што з Беларускай чыгункай гэта ўжо абмяркоўвалі.
Праблема з маршрутам Хойнікі — Васілевічы ўзнікла ўжо даўно. Гэтая галінка не акупляецца, пасажыраў мала, а выдаткі на яе ўтрыманне вялікія.
"На Хойнікі ходзіць тры разы ў суткі тры пары дызель-цягнікоў. Яны амаль не запоўненыя. Асноўны паток людзей ідзе па накірунку Калінкавічы — Васілевічы, Васілевічы - Гомель. Там адсоткаў 20 загружана. А вось Васілевічы — Хойнікі — практычна пусты цягнік. У 5 вагонах можа ехаць каля 500 чалавек, а едзе 20-30 чалавек".
Як бачна, да Хойнікаў з Васілевіч чыгунка ідзе ў тупік. Няма і прамой аўтамабільнай дарогі ні да Калінкавічаў, ні да Васілевіч
Цяпер чыгунка пралічвае выдаткі, бо рэйкавы аўтобус каштуе нямала. Калі яго запусцяць, яго трэба прывязваць да раскладу руху цягнікоў.
Калі ж аўтобус будзе хадзіць толькі ад Хойнікаў да Васілевіч, для яго там трэба ўтрымліваць цэлае дэпо, што таксама вельмі стратна.
"10 год таму я працаваў начальнікам гомельскай дыстанцыі пуці, прапаноўвалі ліквідаваць галіну Васілевічы — Хойнікі. Таму што там рух стратны — і грузавы, і тым больш пасажырскі. Тады на гэта не пайшлі, таму зараз даводзіцца думаць, як знізіць выдаткі на гэтай галіне".
Пакуль ідэю з рэйкавымі аўтобусамі пралічваюць эканамісты. Калі спецыялісты палічаць яе выгаднай, то першыя рэйкавыя аўтобусы ўжо ў бліжэйшай будучыні з’явяцца на Гомельшчыне.
Здымкі з wikipedia