З маладзечанскага рынку выгналі прадпрымальнікаў, якія не перайшлі ў ЧУП

Сёння ранкам на Маладзечанскім рынку “Кооп Торг” з’явіліся прадстаўнікі санэпідэмстанцыі разам з дырэктарам рынку, якія паведамілі, што з-за халоднага надвор’я забаронена гандляваць кандытарскімі вырабамі, а таксама бакалеяй. Прадпрымальнікам загадалі пакінуць гандлёвыя рады. Цяпер без працы засталіся больш за 20 ІП. У кожнага з іх па 5-6 гандляроў.
На думку адной з прадпрымальніц Валянціны Уладзіміраўны, такія меры прынятыя ўладамі ў адказ на адмову ІП перарэгістроўвацца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

“Да нас прыйшлі і сказалі, што на сённяшні тэмпературны рэжым кандытарскія вырабы, бакалея, а таксама парашкі і мыючыя сродкі нельга прадаваць. Але ж мы 10 гадоў так гандлявалі! Хаця б яны далі магчымасць распрадаць. Мы ў шоку! У нас забітыя склады таварам напярэдадні Новага года, а нас выгналі. Напярэдадні тэмпература была значна ніжэй, але нам нічога не казалі”.

У санэпідэмстанцыі паведамілі, што рашэнне прынята згодна з тэмпературным рэжымам.

“Згодна з тэмпературным рэжымам захоўвання, кандытарскія вырабы па нарматыўнай дакументацыі павінны рэалізоўвацца пры тэмпературы ад +15 да +21. Што датычыцца бакалейнага рада, то там усё залежыць ад прадуктаў: ёсць некаторыя ад +5 да +20 градусаў, ёсць ад 0 да +20. Адпаведна, калі мінус, то гандляваць ніякай бакалеяй нельга”.

Па словах чыноўніцы санэпідэмстанцыі Маладзечна, пастанова пра закрыццё адкрытага павільёна на рынку “Кооп Торг” вынесена яшчэ 1 кастрычніка. Прадпрымальніца Валянціна Уладзіміраўна кажа, што ІП ведалі пра пастанову, аднак, нягледзячы на гэта, усе адкрытыя рынкі горада працягвалі працаваць і працуюць дагэтуль, апроч “Кооп Торг”.

“Усе адкрытыя рынкі ў Маладзечне, акрамя нашага, працуюць. Чаму пама за сценамі рынку можна прадаваць цукеркі, а на самім рынку нельга? Што ў нас іншы тэмпературны рэжым?”.

Прадпрымальнікі мяркуюць, што “наезд” менавіта на іх рынак можа быць звязаны з дзвюма прычынамі: або ўлады змагаюцца непасрэдна з дырэктарам рынку, або помсцяць ІП за адмову перарэгістроўвацца ў ЧУП.

“У нас ніхто не перайшоў у ЧУП, таму што нам гэта нявыгадна, і ў нас няма столькі сродкаў, каб працаваць як прыватнае прадпрыемства”
, — кажа Валянціна Уладзіміраўна.