З вядомых беларусаў зрабілі 3D-маскі (фотарэпартаж)

З 1-га па 7-га красавіка ў кавярні "UpTekа" ў Мінску выстаўлены незвычайныя партрэты вядомых ва ўсім свеце беларусаў Правакацыі, забароненыя перформансы, непрытоеная цікаўнасць СМІ.... Аляксей Фёдараў — мастак-наватар з класічнай адукацыяй мастацтвазнаўцы, нецярпімы да халтуры і клішэ, а ў жыцці — сур'ёзны і бескампрамісны.

Як распавёў Еўрарадыё сам мастак, выстава "One Of Us" прысвечаная вядомым персонам, якія нарадзіліся ў Беларусі і дасягнулі вялікіх поспехаў па-за межамі роднай краіны.



Кожны партрэт выставы выкананы па прыкладзе фаюмскіх партрэтаў — першай у свеце спробы зрабіць партрэт з натуры, якую выкарыстоўвалі егіпцяне. Такім чынам, партрэты "One Of Us" — гэта злепак з твару, кволая цялесная абалонка, якая гарантуе, што вы пазнаеце твар той ці іншай прадстаўленай асобы. У гэтай працы Фёдараў выкарыстаў лічбавыя 3D-тэхналогіі: спачатку мастак зрабіў нешта кшталту 3D-маскі, пасля наклаў тэкстуру і проста зняў.



Ніка Сандрас: "Я лічу, што гэта цудоўна, таму што першапачаткова, калі я ўвайшла, было ўражанне, што гэта фатаграфіі. Калі ж зразумела, што гэта ўсё ж такі палотны... Я ўражаная гэтымі творамі. Адразу захацелася пайсці пачытаць пра гэтых людзей, паглядзець іх фатаграфіі, каб прааналізаваць, як яны намаляваныя тут. Не ўсе асобы, прызнаюся, мне знаёмыя. Гэтыя творы вартыя павагі. Тут столькі пластоў, эмоцый, думак і столькі пачуццяў яны даюць, што варта будзе падумаць, прааналізаваць і разабрацца. Думаю, што прыйду паглядзець творы яшчэ раз. Не часта я бываю на выставах, якія прымушаюць думаць".

Тым часам група студэнтаў Факультэта міжнародных зносінаў БДУ не толькі захапляецца геніем мастака, але і... выпраўляе аўтару памылкі!

"Мы прыйшлі сюды не выпадкова: заўважылі, што сярод прадстаўленых на выставе асобаў пераважаюць яўрэі, — распавядае маладая дзяўчына. — А мы вывучаем гебраістыку ў БДУ, таму выстава для нас вельмі цікавая. Адзіны нюанс: пад карцінамі імёны некаторых дзеячаў падпісаныя ў дужках на іўрыце, і падпісаныя з памылкай — злева направа — вельмі істотная памылка. Але гэта не перашкодзіла агульнаму ўспрыняццю выставы, канцэпцыя вельмі цікавая".

"Цікавае бачанне гэтых людзей, вельмі арыгінальнае, — дадае малады чалавек побач. — Мне адразу захацелася даведацца пра іх болей. А пасля параўнаць гэты візуальны вобраз з тым, што яны ўяўлялі сабой насамрэч".

Да нашай размовы далучаецца адзін з наведвальнікаў імпрэзы:

"Вельмі цікавы падыход.. Гэтыя людзі нібыта глядзяць на нас з іншага свету. Я ніколі не мог уявіць Айзэка Азімава, напрыклад, такім страшным чортам з зубачысткай у зубах. Я цалкам за такую творчасць і лічу, што гэта і сучасна, і цікава".



Агульная думка, якая лунала ў паветры "UpTek’і" пасля выставы, — "а прыемна ўсведамляць, што ўсё ж такі не ў глушы жывем!"





Еўрарадыё раіць наведаць выставу "One Of Us", каб уласнаручна дакрануцца да цудоўных пасмяротных масак нашых з вамі славутых суайчыннікаў, якім геній мастака Аляксея Фёдарава падараваў вечнае жыццё.




Фота — Таранціна