З-за адключэння электрычнасці ў Белтэлекаме не працуе сайт Акавіты

У вядомага сайта сапсавалася база дадзеных, паведаміў Еўрарадыё дырэктар праекта Фёдар Караленка. (Абноўлена)

Пасля планавага адключэння электрычнасці ў дата-цэнтры Белтэтекама не працуе сайт "Акавіта". Праз адключэнне сапсавалася база дадзеных на серверы і зараз яе аднаўляюць, кажа дырэктар праекта Фёдар Караленка.

Фёдар Караленка:
"Падчас адключэння сервера не камандай, а выдзёргваннем шнура сілкавання не завяршаюцца нармальна працэсы. Калі база дадзеных адключаецца не нармальным шляхам, адбываюцца такія збоі, і зараз трэба яе аднаўляць. Часам аднавіць цалкам усё не атрымліваецца. Яны, груба кажучы, проста выдзернулі вілку з разеткі".

Такім чынам, праблемы у "Акавіты" з'явіліся, нягледзячы на тое, што "Белтэлекам" папярэджваў пра адключэнні. Нагадаем, уночы на 6 і 8 ліпеня “Белтэлекам” планаваў адключэнні сервераў у дата-цэнтрах, з-за чаго некаторыя беларускія рэсурсы былі недасяжныя з 0 да 6 раніцы.

Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы "Белтэлекам" Аляксей Федарынчык, адключэнні прайшлі ў планавым рэжыме і пра нейкія іншыя праблемы не паведамлялася. А "Акавіта" была загаддзя папярэджана.

"Акавіта была папярэджана загаддзя аб адключэнні сервераў ад энэргазабеспячэння, таму, як верна заўважыў Фёдар Караленка, трэба было загаддзя адключыць серверы Акавіты камандным спосабам, што магчыма толькі уладальнікам сервераў".


На фота: Фёдар Караленка.
Фота: "Радыё "Свабода".