З-за артыкула пра "хлопчыка Колю" быў знішчаны наклад барысаўскай газеты

Наклад недзяржаўнай газеты "Борисовские новости" быў знішчаны з-за невялікага артыкула пра "хлопчыка Колю", які апошнім часам з'яўляецца побач з Аляксандрам Лукашэнкам.
Вось што распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас:

"Там адзін матэрыял не спадабаўся дырэктару. Яны аддрукавалі ўвесь наклад і пасля знайшлі крамольны матэрыял. Мы яго назвалі "Праўда альбо выдумка пра трэцяга сына прэзідэнта".

Ад Букаса запатрабавалі, каб артыкул быў зняты з паласы, але не абяцалі, што аператыўна аддрукуюць газету. Галоўны рэдактар адмовіўся. Пасля гэтага ўсе 6500 ужо аддрукаваных асобнікаў пайшлі "пад нож".

Аднак у пятніцу нумар барысаўскага тыднёвіка ўсё ж пабачыў свет у іншай друкарні. І нататка пра "хлопчыка Колю" там прысутнічае.