З-за чарговай аварыі Беларусь рыхтуе новы пазоў да расійскай кампаніі

Новы пазоў рыхтуе да расійскай кампаніі “Захадтранснафтапрадукт” (“Западтранснефтепродукт”) наша краіна. Выратавальнікі і эколагі падлічваюць страты ад аварыі на трубаправодзе “Унеча-Роўна”. На месцы здарэння ідзе кругласуткавае дзяжурства. Апошнія аналізы паказалі, што ўдалося пазбегнуць патраплення дызельнага паліва ў Дняпро і наступствы аварыі не распаўсюдзіліся на тэрыторыю суседняй Украіны. Плошча забруджвання складае каля 100 квадратных метраў.

Паводле папярэдняй версіі, прычынай аварыі была незаконная ўрэзка ў трубаправод. Незалежна ад прычынаў здарэння, Беларусь мае намер патрабаваць кампенсацыі ад расійскай кампаніі.

Адзначым, то за апошні год гэта ўжо трэцяя аварыя на трубаправодах “Захадтранснафтапрадукта” на тэрыторыі нашай краіны. Летась больш за 200 іх кіламетраў былі забароненыя да эксплуатацыі з-за празмернага зносу. Яны выкарыстоўваліся ўжо каля 40 гадоў, паведамляе тэлеканал ОНТ.