З-за малой актыўнасці літоўцаў рэферэндум па Ігналінскай АЭС не адбыўся

Рэферэндум па працягненні працы Ігналінскай АЭС, які ўчора праводзіўся ў Літве, адначасова з парламенцкімі выбарамі, не адбыўся з-за недастатковай яўкі выбаршчыкаў. У галасаванні па гэтым пытанні прынялі ўдзел толькі 47,6% выбаршчыкаў, а мінімальна неабходная яўка складае 50%.
У той жа час, большасць з тых, хто прыйшоў на рэферэндум (88,7%), выказаліся за працягненне працы АЭС. Аднак юрыдычнай моцы вынікі гэтага рэферэндума ў любым выпадку не маюць, адзначае БелаПАН.

На сённяшні час Ігналінская АЭС (адзіная ў краінах Балтыі) выпрацоўвае каля 70% электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ў Літве. Паводле тэхнічных магчымасцяў, яна магла б працаваць да 2032 года, але Еўрасаюз, прымаючы Літву ў свае шэрагі, абавязаў краіну спыніць АЭС, бо на ёй усталяваны састарэлы рэактар "чарнобыльскага" тыпу.

Літва сумесна з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай плануюць пабудаваць новую АЭС.