З-за санкцый Беларусь будзе закупляць рыбу ў Расіі, а не ў Нарвегіі
Рыбны аддзел крамы / vkurier.by, фота Вячаслава Пабядзінскага
Нарвежскай далікатэснай рыбы для беларусаў больш пакуль не будзе. Пастаўкі прыпыненыя з-за санкцый. Беларускі Мінсельгасхарч цяпер дапамагае імпарцёрам наладзіць пастаўкі з Расіі, распавёў у эфіры "МІР 24" міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
"Раней рыба пастаўлялася да нас са Скандынавіі, але ў сувязі з санкцыямі наладзім гандлёвыя адносіны ў гэтай сферы з Расіяй", — сказаў ён. Перамовы ўжо ідуць з прадпрыемствамі Прыморскага і Хабараўскага краю, а таксама з іншымі рэгіёнамі Далёкага Усходу. Магчымыя пастаўкі фарэлі з Паўночнай Асеціі.
Нагадаем, раней з'яўлялася інфармацыя аб тым, што беларуская кампанія "Санта Брэмар" прыпыніла пастаўкі сваёй прадукцыі на расійскі рынак праз недахоп сыравіны. З увядзеннем санкцый прадпрыемства засталося без нарвежскага ласося.