“За адзін дзень ажыятажу прадалі лядоўняў на 1,5 мільярда рублёў”
Ці скарысталіся айчынныя вытворцы “недэвальвацыяй”, каб разгрузіць склады?
На 1 кастрычніка складскія запасы тэлевізараў складалі 31 590 адзінак, лядоўняў — 23 317, пральных машын — 16 778. За год айчынных тэлевізараў было прададзена менш, чым захоўваецца на складах!
Прадстаўнікі крам бытавой тэхнікі ў рэгіёнах распавядаюць, што ажыятажу… не было. Продаж быў на звычайным узроўні пераднавагодняга перыяду. Прынамсі, прадстаўнікі крам Гродна, Салігорска і Полацка кажуць, што набывалі не надта шмат і ў асноўным імпартную тэхніку.
А вось у мінскіх крамах, дзе прадстаўленая прадукцыя “Гандлёвай кампаніі “Гарызонт” на паліцах засталіся літаральна адзінкі прадукцыі. Нават сёння тут нямала наведвальнікаў. Прадаўшчыцы гавораць, што такі маленькі асартымент звязаны з тым, што на складах амаль не засталося прадукцыі.
Прадстаўнік адной з фірмовых крам “Атлант” у Мінску кажа, што незвычайны ажыятаж назіраўся толькі тры дні пачынаючы з 19 снежня. Набывалі амаль усё: ад вялікіх лядоўняў да пральных машын. На чацвёрты дзень плынь пакупнікоў ужо зменшылася, у гэтыя выхадныя наведвальнікаў амаль не было.
“За адзін дзень ажыятажнага перыяду было “зроблена” 1,5 млрд рублёў. Мы прадавалі па 200 адзінак прадукцыі. Для параўнання, выручка ў звычайны дзень складае каля 200-300 мільёнаў”, — прызнаюцца ў краме.
Цэны на прадукцыю пакуль падымаць не плануюць, трымаюцца на тым жа ўзроўні, што і ў пачатку снежня.
“Мы чакаем пакуль нам дасць распараджэнне завод, і толькі пасля гэтага мы зможам падняць цэны”.
Нагадаем, уздымаць цэны забараняе мараторый, уведзены Міністэрствам гандлю і Саветам міністраў.