За эканоміяй энергарэсурсаў будуць сачыць “пазаштатныя інспектары"

Урад Беларусі стварыў сталую міжведамасную камісію па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў. Пра гэта паведамляе "БелаПАН". Гэтае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 972 ад 30 ліпеня 2007 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Камісія створаная ў адпаведнасці з прэзідэнцкай дырэктывай № 3 аб энергазахаванні і рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў.

Пастановай зацверджаны склад камісіі, у якую ўвайшлі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Яе старшынёй прызначаны першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка.

Як гаворыцца ў пастанове, адна з "асноўных задач камісіі – вызначэнне галоўных напрамкаў забеспячэння энергетычнай бяспекі і незалежнасці краіны". Камісія будзе распрацоўваць прапановы, накіраваныя на паскарэнне тэхнічнага пераабсталявання і мадэрнізацыю вытворчасці на аснове энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій і тэхнікі, падвышэнне эфектыўнасці навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, стымуляванне эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае ставрэнне ў Беларусі інстытута пазаштатных інспектараў па наглядзе за эфектыўным выкарыстаннем рэсурсаў. "Пазаштатны інспектар прызначаецца (вызваляецца) кіраўніком арганізацыі для ажыццяўлення кантролю за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў арганізацыі і з'яўляецца чальцом камісіі па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў", – гаворыцца ў пастанове.

Колькасць інспектараў у арганізацыі будзе вызначацца кіраўніком у залежнасці ад спецыфікі дзейнасці.